Беларуская Служба

Сірыйскія паўстанцы і іх саюзнікі захапілі некалькі раёнаў Алепа

30.11.2024 12:32
Паўстанцы хутка захапілі палову Алепа, не сустрэўшы значнага супраціву. 
Ілюстрацыя PAP/EPA/BILAL AL MAHMOUD

Узброеныя фарміраванні сірыйскіх паўстанцаў у пятніцу, 29 лістапада ўпершыню з 2016 года ўзялі пад кантроль частку найбуйнейшага горада Сірыі - Алепа. Гэта адбылося на фоне сутыкненняў з урадавымі войскамі, якія працягваюцца, паведамілі назіральнікі і мясцовыя крыніцы.

Праваабарончая арганізацыя Syrian Observatory for Human Rights, якая вядзе маніторынг у розных раёнах Сірыі, паведаміла ў пятніцу, што пяць кварталаў на заходняй ускраіне Алепа былі захопленыя паўстанцамі і баевікамі групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам», якіх падтрымлівае Турцыя.

Паўстанцы хутка захапілі палову Алепа, не сустрэўшы значнага супраціву. Відавочца з Алепа, які пажадаў захаваць ананімнасць па меркаваннях бяспекі, пацвердзіў «Голасу Амерыкі», што сілы паўстанцаў у пятніцу рушылі наперад у некаторых раёнах горада пасля сутыкненняў з сіламі, падкантрольнымі ўраду Башара Асада.

Агенцтва Reuters, спасылаючыся на крыніцы сярод вайскоўцаў, паведаміла, што ў суботу сірыйскія ўлады закрылі аэрапорт Алепа, а таксама ўсе дарогі, якія вядуць у горад.

voa/iar/эж