Архіпелаг Вануату ў Ціхім акіяне змагаецца з наступствамі землятрусу. Штуршкі сілай у 7,3 бала па шкале Рыхтэра прывялі да гібелі як мінімум 14 чалавек, а больш за 200 атрымалі раненні. Аб накіраванні дапамогі ў Вануату абвясцілі краіны рэгіёна.
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый ацэньвае, што ад землятрусу пацярпела больш за 100 тысяч чалавек, што складае трэць насельніцтва Вануату. Мясцовая сістэма аховы здароўя не справілася з маштабам трагедыі. «З самага пачатку было відавочна, што гэта сур’ёзная сітуацыя, якая пагражае перагрузкай службы аховы здароўя», — сказаў доктар Базіл Леадора з дабрачыннай арганізацыі Respond Global у інтэрв’ю Reuters.
Урад Вануату звярнуўся па дапамогу да краін рэгіёна. Сваю падтрымку ўжо пацвердзілі, у прыватнасці, Аўстралія і Кітай. «Мы накіроўваем неадкладную дапамогу ў выглядзе пошукава-выратавальных груп, а таксама медыцынскую дапамогу», — паведаміў міністр фінансаў Аўстраліі Джым Чалмерс.
Землятрус выклікаў апоўзні і значныя разбурэнні будынкаў. Сур’ёзна пашкоджаны комплекс, дзе размяшчаюцца пасольствы заходніх краін.
IAR/нг