Вяртанне Украіны ў межы 2014 года - нерэальная мэта, лічыць кіраўнік Пентагона Піт Хэгсэт, які прыняў удзел у пасяджэнні кантактнай групы па абароне Украіны ў Бруселі.
Піт Хэгсэт падкрэсліў, што мэта прэзідэнта Дональда Трампа і яго адміністрацыі — спыніць кровапраліцце і, такім чынам, вайну ва Украіне. Паводле яго слоў, Расія і Украіна мусяць сустрэцца за сталом перамоваў.
«Мы скончым гэтую разбуральную вайну і дасягнем трывалага міру, толькі аб'яднаўшы сілу нашых саюзнікаў з рэалістычнай ацэнкай сітуацыі на полі бою. Як і вы, мы таксама хочам суверэннай і квітнеючай Украіны, але мы павінны пачаць з прызнання таго, што вяртанне да межаў 2014 года - нерэальная мэта. Імкненне да гэтай ілюзорнай мэты толькі падоўжыць вайну і прынясе яшчэ больш пакут».
Піт Хэгсэт дадаў, што трывалы мір для Украіны павінны забяспечыць шырокія гарантыі бяспекі.
«Так, каб вайна не пачалася зноў. Гэта не могуць быць трэція мінскія пагадненні», - сказаў кіраўнік Пентагона.
Злучаныя Штаты не бачаць Украіны ў чальцах НАТА. Міратворчыя сілы ва Украіне павінны стварацца незалежна ад НАТА і без абароны па артыкуле 5.
Піт Хэгсэт дадаў, што амерыканскія войскі ва Украіну не будуць накіраваныя. Як ён адзначыў, эфектыўныя энергетычныя санкцыі і ініцыятыва прэзідэнта Трампа павялічыць здабычу энергарэсурсаў у ЗША, закліканы схіліць Расію да мірных перамоваў.
IAR/яс