Больш за 100 санкцый уключаны ў новы брытанскі пакет, абвешчаны Лонданам. У спісе знаходзіцца таксама шмат іншаземцаў.
Гэта адзін з найбуйнейшых на сённяшні дзень брытанскіх санкцыйных пакетаў. «Мы павінны ўзмацніць эканамічны ціск, каб Пуцін не толькі быў гатовы да перамоў, але і пайшоў на ўступкі», — заявіў прэм’ер-міністр Кір Стармер.
Пад санкцыі трапілі міністр абароны і генералы з Паўночнай Карэі. «Пуцін выкарыстоўвае паўночнакарэйскіх вайскоўцаў як гарматнае мяса», — гаворыцца ў паведамленні брытанскага МЗС. Брытанцы таксама наносяць удар па кампаніях з Кітая, Індыі, Турцыі і Тайланда. Гэта вытворцы і пастаўшчыкі абсталявання і інструментаў, якімі карыстаюцца расіяне. У спісе таксама ёсць банк з Кіргізіі, які, паводле Лондана, Масква выкарыстоўвае для абыходу санкцый.
Акрамя таго, пад санкцыі трапілі расійскія алігархі, якіх Лондан лічыць саюзнікамі Пуціна, а таксама чарговыя судны так званай «ценявой флатыліі», якія незаконна перавозяць нафту, даходы ад продажу якой фінансуюць расійскую вайну.
IAR/нг