Беларуская Служба

Financial Times: Расія хоча аднавіць Nord Stream 2 з дапамогай ЗША

03.03.2025 14:01
Падчас свайго першага тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Дональд Трамп крытыкаваў Nord Stream.
Здымак мае ілюстрацыйны характарdragancfm/Shutterstock

Сябар Уладзіміра Пуціна працуе над аднаўленнем газаправода Nord Stream 2 па дне Балтыйскага мора з удзелам амерыканскіх інвестараў, піша Financial Times. У верасні 2022 года пасля выбухаў на некалькіх участках газаправода яго праца была прыпыненая.

Кіраўнік швейцарскай даччынай кампаніі Nord Stream Маціяс Варніг спрабуе аднавіць інвестыцыю. Верагодна, былы супрацоўнік «Штазі» ў ГДР абмяркоўвае пытанне з амерыканскімі кампаніямі. Гэта заклікана зблізіць Маскву і Вашынгтон у эканамічным плане і дапамагчы спыніць вайну ва Украіне.

Варніг знаходзіцца пад санкцыямі Вашынгтона і Лондана, а ў інтэрв'ю Financial Times наогул аспрэчыў, што вядзе такія перамовы. Аднак, паводле выдання, некаторыя члены адміністрацыі Дональда Трампа чулі пра такія прапановы, а некаторыя амерыканскія кампаніі выказалі зацікаўленасць імі. Быццам бы, адзін з кансорцыумаў нават падрыхтаваў план кантракту з «Газпромам» пасля зняцця санкцый.

У «Газпроме» і ў Крамлі каментараваць справу адмовіліся. Між тым, на аднаўленне інвестыцыі мусіць даць згоду Германія, паколькі газаправод праходзіў таксама праз ейную  тэрыторыю.

Нагадваем, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Дональд Трамп крытыкаваў Nord Stream і абвінавачваў Еўропу ў залежнасці ад расійскага газу. У 2019 годзе ён увёў санкцыі супраць кампаній, якія будавалі Nord Stream 2.

IAR/аз