Падкасты і перадачы Польскага радыё для замежжа на ўкраінскай мове будуць з'яўляцца на сайце грамадскага вяшчальніка Украіны «Суспільне». Адпаведнае пагадненне было падпісана ў Кіеве.
На сайце можна будзе паслухаць падкасты, падрыхтаваныя Польскім радыё для Украіны, якое з'яўляецца праектам Польскага радыё для замежжа. У сваю чаргу, слухачы Польскага радыё для Украіны змогуць слухаць праграмы грамадскага вяшчальніка Украіны.
Дырэктарка Польскага радыё для замежжа Наталля Брыжка-Запур (Natalia Bryżko - Zapór) падкрэслівае, што такое супрацоўніцтва важнае ў той час, калі Польшча і Украіна падвяргаюцца атакам дэзінфармацыі з боку Расіі і Беларусі.
— Мы можам з гэтым змагацца перш за ўсё праз выкарыстанне праверанай інфармацыі і журналісцкі прафесіяналізм. Гэта гарантуюць Польскае радыё — грамадская радыёстанцыя і ўкраінскае «Суспільне» — таксама грамадскі вяшчальнік.
Выканаўчы прадзюсар «Украінскага радыё» Юрый Табачэнка дадае, што, падпісаўшы пагадненне, грамадскія вяшчальнікі пашыраюць ахоп сваіх праграм. «Украінцы, якія жывуць у Польшчы, або палякі, якія ведаюць украінскую мову, змогуць атрымліваць інфармацыю пра Украіну з украінскага радыё», — адзначыў ён.
Пагадненне было заключана на пяць гадоў.
Польскае радыё для Украіны было створана ў сакавіку 2022 года – амаль адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. У цяперашні час яно вяшчае з 7.00 да 23.00 гадзіны. Ёсць магчымасць слухаць яго анлайн і на DAB+. Асобныя перадачы таксама былі ўключаны ў расклад мясцовых украінскіх станцый, у тым ліку ў Кіеве, Харкаве і Роўна.
Грамадскае ўкраінскае радыё мае некалькі каналаў, у тым ліку інфармацыйна-грамадскі (Украінскае радыё), музычны (Промінь) і культурны (Радыё Культура). Ён прысутнічае як на хвалях УКХ/ФМ, так і ў Інтэрнэце.
IAR/нг