Беларуская Служба

Адміністрацыя Дональда Трампа адмаўляецца ад расследавання расійскіх ваенных злачынстваў ва Украіне

23.04.2025 14:52
Адміністрацыя Трампа таксама прыпыніла намаганні па дапамозе Кіеву ў пошуку ўкраінскіх дзяцей, выкрадзеных у Расію падчас вайны.
Знішчэнні ў ЗапарожжыPAP/EPA/OLEG MOVCHANIUK

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адмаўляецца ад расследавання і крымінальнага пераследу расійскіх ваенных злачынстваў ва Украіне, піша ў аўторак амерыканская штодзёнка The Washington Post, пералічваючы прыклады такіх дзеянняў.

Паводле інфармацыі крыніц выдання, адміністрацыя ліквідавала пасаду каардынатара, адказнага за збор аператыўнай інфармацыі аб расійскіх злачынствах ва Украіне.

Як падкрэсліў кангрэсмен-дэмакрат ад Каларада Джэйсан Кроў, «задача каардынатара злачынстваў — прыцягнуць Пуціна да адказнасці за злачынствы, учыненыя супраць украінскага народу». Кроў быў суаўтарам заканадаўства, якое стварыла пасаду каардынатара. Ён быў падтрыманы абедзвюма партыямі ў Кангрэсе.

«Гэта вельмі трывожнае адступленне ад абавязацельстваў Злучаных Штатаў прыцягнуць да адказнасці вінаватых у ваенных злачынствах і агрэсіі, асабліва ў самым кровапралітным канфлікце, які бачыла Еўропа пасля Другой сусветнай вайны», — сказаў Элі Розенбаўм, былы кіраўнік групы па ваенных злачынствах Міністэрства юстыцыі, цытуе WP.

У сярэдзіне сакавіка амерыканскія СМІ паведамілі, што ЗША выходзяць з міжнароднай групы па расследаванні агрэсіі Расіі супраць Украіны, у тым ліку ролі Пуціна ў гэтай агрэсіі. Таксама была згорнута праца створанай у 2022 годзе групы па расследаванні ваенных злачынстваў ЗША.

Як нагадвае WP, адміністрацыя Трампа таксама прыпыніла намаганні па дапамозе Кіеву ў пошуку ўкраінскіх дзяцей, выкрадзеных у Расію падчас вайны.

РАР/ав