Пілотная праграма не будзе распаўсюджвацца на Польшчу. Поўная версія павінна быць уведзена да канца 2026 года і, як і папярэдняя версія, не будзе абавязковай.
У апошнія дні шэраг польскіх СМІ памылкова паведамілі, што з 1 ліпеня жыхары ЕС павінны будуць выкарыстоўваць новую праграму для праверкі ўзросту для доступу да асобных вэб-сайтаў.
Еўракамісія цяпер сапраўды працуе над лічбавым ідэнтыфікацыйным кашальком ЕС (EU Digital Identity Wallet, eID), які выкарыстоўваецца для праверкі асобы (у тым ліку ўзросту), але – насуперак паведамленням – ён будзе даступны толькі ў канцы 2026 года.
1 ліпеня пачне дзейнічаць пілотная версія, якая будзе заключацца ў тэставанні праграмнага забеспячэння ў дзяржавах-членах.
Пакуль што пяць краін падпісаліся на праграму: Францыя, Іспанія, Італія, Данія і Грэцыя. Польшчы ў гэтым спісе няма.
Непраўдзівай інфармацыяй з'яўляецца тое, што прыкладанне будзе абавязковым. Згодна з Законам ЕС аб лічбавых паслугах, платформы сапраўды абавязаны абараняць непаўналетніх, у тым ліку ў некаторых выпадках правяраць узрост, але яны самі вырашаюць, якія метады яны будуць выкарыстоўваць для гэтай мэты. Выкарыстанне прыкладання, распрацаванага Еўракамісіяй, – гэта толькі адзін з варыянтаў.
«Менавіта платформы сацыяльных сетак павінны ўвесці механізмы праверкі ўзросту. Еўрапейскі Саюз толькі прадастаўляе тэхналогію», – сказаў PAP намеснік міністра лічбавых спраў Міхал Граматыка.
Электронная ідэнтыфікацыя будзе працаваць падобна польскаму mObywatel і служыць бяспечным спосабам захоўвання персанальных дадзеных. Яна дазволіць праверыць асобу чалавека, які хоча карыстацца дзяржаўнымі або прыватнымі паслугамі. Дадатак будзе даступны ўсім грамадзянам, жыхарам і кампаніям у ЕС.
Субʼектам будуць даступныя толькі тыя дадзеныя, якія зʼяўляюцца ключавымі для доступу да пэўнай паслугі. Напрыклад, для платформаў сацыяльных сетак або парнаграфічных сайтаў гэта будзе ўзрост, а для кампаній па пракаце аўтамабіляў – вадзіцельскае пасведчанне.
«Яны не будуць мець доступу да іншых дадзеных карыстальнікаў, якія захоўваюцца ў кашальку, таму што абарона прыватнасці зʼяўляецца для нас ключавым фактарам», – адзначыў прэс-сакратар Еўракаміссі Томас Рэнье.
РАР/вх