«Мы не прымем планы ўрада па стварэнні закрытых лагераў на нашым востраве. Мы гэтага не дапусцім», – заявіў у інтэрвʼю BILD мэр горада Ханья Панаётыс Сімандыракіс, дадаўшы, што ўсе кіраўнікі муніцыпалітэтаў Крыта салідарныя ў гэтым пытанні.
Улады Грэцыі прынялі рашэнне ўзмацніць палітыку ў дачыненні да мігрантаў з Паўночнай Афрыкі. З пачатку года на краіну абрынуўся новы міграцыйны крызіс: на Крыт штодня прыбываюць сотні чалавек, агулам – ужо больш за 10 тысяч.
Прэмʼер-міністр Грэцыі Кірыякас Міцотакіс прыпыніў разгляд новых заяў аб прадастаўленні прытулку, і цяпер мігрантаў плануюць размяшчаць не ў лагерах, а ў закрытых установах – фактычна турмах для мігрантаў.
Паводле слоў Сімандзіракіса, мігранты ў Ханьі жывуць «у вельмі цяжкіх умовах» і «без усялякай дапамогі з боку дзяржавы». Цяпер да гэтага хочуць дадаць яшчэ і «турму ў самым цэнтры турыстычнага рэгіёна – без усялякага ўзгаднення з мясцовымі ўладамі».
Мэры гарадоў Крыта патрабуюць вывезці ўсіх мігрантаў на мацерыковую частку Грэцыі, дзе, на іх думку, больш рэсурсаў для ўтрымання бежанцаў.
«Еўропа больш не можа заставацца гледачом гэтай трагедыі, якая разгортваецца. Ні адзін мясцовы орган улады не пагодзіцца на стварэнне цэнтра ўтрымання пад вартай на востраве», – дадаў Сімандыракіс.
вх