Беларуская Служба

У мінулым месяцы жыхары Расіі больш за 2000 разоў страчвалі доступ да сеціва

02.08.2025 10:46
Гэта рэкордная колькасць абмежаванняў доступу да інтэрнэту. 
Ілюстрацыйны здымакфота: FLICKR/Blogtrepreneur/CC BY-SA 2.0

У ліпені ў Расіі інтэрнэт адключалі 2099 разоў. Доступ да сеціва страчвалі як жыхары невялікіх гарадоў, так і жыхары Масквы ды Санкт-Пецярбурга. Дадзеныя па гэтым пытанні сабраў праект «У кантакце». Незалежны партал «Медуза» адзначае, што гэта рэкордная колькасць абмежаванняў доступу да інтэрнэту. У маі расіяне не маглі падключыцца да інтэрнэту 69 разоў, а ў чэрвені было зафіксавана прыблізна 662 такія выпадкі.

Афіцыйна ўлады тлумачаць, што гэта робіцца дзеля бяспекі грамадзян. Інтэрнэт адключаюць падчас атак беспілотнікаў або пад выглядам вучэнняў грамадзянскай абароны.

У Маскве і Санкт-Пецярбургу жыхары неаднаразова не маглі карыстацца электроннымі плацежнымі сістэмамі. Таксама часта не працавалі праграмы для заказу таксі і дастаўкі ежы. Часцей за ўсё інтэрнэт адключаўся на некалькі гадзін. Аднак у Краснадарскім краі, рэгіёне, які часцей за ўсё падвяргаўся нападам беспілотнікаў, інтэрнэт адключалі на некалькі дзён.

Расійскія незалежныя СМІ нагадваюць, што з чацвярга дзейнічае закон, які дазваляе службам бяспекі кантраляваць гісторыю прагляду інтэрнэту. Прагляд кантэнту, які рэжым лічыць экстрэмісцкім, караецца штрафамі.

IAR/нг