Беларуская Служба

Міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі абяцае захаваць забарону на імпарт украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі

28.10.2025 09:45
Венгрыя захавае нацыянальную забарону на імпарт украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі, таму што Брусель працягвае аддаваць прыярытэт інтарэсам Украіны, а не інтарэсам еўрапейскіх фермераў, заявіў міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі Іштван Нагі.
Ілюстрацыйнае фотаDeyana Stefanova Robova/ Shutterstock

Венгерскі палітык прыняў удзел у пасяджэнні Савета міністраў сельскай гаспадаркі і рыбалоўства ЕС у Люксембургу. Перад сустрэчай ён адзначыў, што «замест таго, каб вырашаць праблемы, з якімі сутыкаюцца еўрапейскія фермеры, ЕС шукае спосабы далейшай падтрымкі Украіны ў адаптацыі да стандартаў вытворчасці ЕС».

Венгерскі палітык папярэдзіў, што ўкраінскія імпартныя квоты, якія ўключаюць 35 000 тон мёду, 120 000 тон птушкі і 1,3 мільёна тон пшаніцы, пагражаюць сельскагаспадарчаму сектару ЕС.

Міністр пацвердзіў, што Венгрыя, Славакія і Румынія сумесна запрасілі спецыяльныя ахоўныя меры для фермераў у памежных рэгіёнах. Ён таксама выказаў меркаванне, што прапанаваная Бруселем структура Агульнай сельскагаспадарчай палітыкі пасля 2027 года з'яўляецца непрактычнай і пагражае існаванню фермераў і харчовай бяспецы Еўропы.

Венгрыя ўвяла аднабаковае эмбарга на ўкраінскую сельскагаспадарчую прадукцыю ў сярэдзіне верасня 2023 года пасля заканчэння тэрміну дзеяння абмежаванняў, раней уведзеных Еўрапейскай камісіяй. Урадавая пастанова аб забароне імпарту з Украіны, апублікаваная ў той час, пералічвала 24 катэгорыі сельскагаспадарчай прадукцыі, так званых адчувальных прадуктаў, якія паходзяць з Украіны, у тым ліку розныя віды збожжа і мяса. Гэтыя прадукты нельга ўвозіць у Венгрыю, за выключэннем транзітных перавозак, але тавары павінны пакінуць краіну да канца 15-га дня пасля прыбыцця.

PAP/вх