Беларуская Служба

Віцэ-прэзідэнт ЗША Дж. Д. Вэнс: Еўрапейская эканоміка стагнуе, Еўропа перажывае крызіс ідэнтычнасці

23.12.2025 18:18
Эканамічная палітыка ЕС прывяла Еўропу да «шырока распаўсюджанай эканамічнай стагнацыі», заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Дж. Д. Вэнс у інтэрв'ю UnHerd.
Wiceprezydent USA J.D.Vance
Wiceprezydent USA J.D.VancePAP/EPA/FRANCIS CHUNG / POOL

Ён таксама выказаў меркаванне, што Стары Кантынент перажывае крызіс ідэнтычнасці, адной з прычын якога зʼяўляецца міграцыйная палітыка.

«Я думаю, што ў Еўропы цяпер не вельмі добрае ўяўленне пра сябе, што пацвярджаюць розныя паказчыкі эканамічнай і культурнай стагнацыі. Мы хочам, каб Еўропа аднавіла сваю энергію. Мы хочам, каб яна была значна больш самадастатковай і незалежнай», – сказаў віцэ-прэзідэнт ЗША.

Вэнс таксама дадаў, што ЗША маюць «значна мацнейшыя культурныя, рэлігійныя і эканамічныя сувязі з Еўропай, чым з любым іншым месцам у свеце». Ён абвясціў, што амерыканскія чыноўнікі правядуць перамовы з Еўропай, «якія яны не маглі б весці, напрыклад, з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга з-за іх агульнага пачуцця гісторыі і агульных культурных каштоўнасцей».

Віцэ-прэзідэнт ЗША прызнаў, што Вашынгтон баіцца наступстваў узмацнення ўплыву мусульман у еўрапейскіх краінах.

«Францыя і Вялікабрытанія маюць ядзерную зброю. Калі яны дазволяць дамінаваць  разбуральным маральным ідэям, мы апынёмся ў руках людзей, якія могуць нанесці вельмі і вельмі сур'ёзную шкоду Злучаным Штатам», – заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША.

Вэнс удакладніў, што мае на ўвазе «асоб з ісламісцкімі поглядамі або падобнымі поглядамі, якія займаюць важныя пасады ў еўрапейскіх краінах». Ён прызнаў, што пакуль што гэта толькі пасады ніжэйшага ўзроўню, напрыклад, у мясцовых органах улады.

«Нельга выключаць, што хтосьці з ісламісцкімі поглядамі можа аказаць вельмі значны ўплыў на еўрапейскую ядзерную дзяржаву. У бліжэйшыя пяць гадоў? Не. Але праз 15 гадоў? Безумоўна», – заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША.

Ён падкрэсліў, што такая перспектыва зʼяўляецца «прамой пагрозай для Злучаных Штатаў». «Мы хочам, каб Еўропа была моцнай і дынамічнай. Я хачу, каб Еўропа была месцам, дзе амерыканцы могуць падарожнічаць і даследаваць; дзе адбываецца культурны абмен», – заявіў Вэнс.

Віцэ-прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што палітыка адкрытых межаў, якую праводзяць прэзідэнты-дэмакраты, прывяла да «разбурэння сацыяльнай згуртаванасці».

«Этнічнае суперніцтва і балканізацыя – непазбежны вынік гэтых зʼяў. (...) Гэта прадказальны вынік таго, што левыя прасоўвалі гадамі», – заявіў Вэнс.

Віцэ-прэзідэнт ЗША таксама падкрэсліў, што «Амерыка даволі добра асімілюе людзей, пакуль гэта невялікая колькасць людзей, і ў іх ёсць на гэта час. Праблема з амерыканскай іміграцыяй за чатыры гады адміністрацыі Байдэна заключаецца ў тым, што мы занадта хутка ўпускаем занадта шмат людзей», – дадаў Вэнс.

PAP/вх