Злучаныя Штаты часова знялі санкцыі на набыццё расійскай нафты. Гэта рэакцыя на рост цэн на нафту, выкліканы вайной з Іранам. Дзякуючы рашэнню адміністрацыі Дональда Трампа Расія зможы зарабіць больш за 10 мільярдаў долараў.
Згодна з заявай, апублікаванай на сайце Міністэрства фінансаў, дазвол распаўсюджваецца на расійскую нафту і звязаныя з ёй тавары, загружаныя на судны да поўначы 12 сакавіка. Дазвол на пакупку будзе дзейнічаць цягам 30 дзён.
Гэта датычыцца грузаў, размешчаных у трыццаці месцах па ўсім свеце. Паводле ацэнак, на борце танкераў у цяперашні час знаходзіцца 120-130 мільёнаў барэляў расійскай нафты. Іх кошт па бягучых цэнах перавышае 10 мільярдаў долараў, нават з улікам магчымых зніжак.
Урад ЗША сцвярджае, што часовае вызваленне не дасць «вымерных фінансавых выгод расійскаму ўраду», паколькі Масква атрымлівае большую частку сваіх даходаў ад энергетыкі за кошт падаткаў, якія спаганяюцца на этапе здабычы і вытворчасці, а не ад продажаў. Аднак апаражненне цяперашніх танкераў азначае, што Расія зможа здабываць больш нафты.
Апроч таго, улады ЗША не выключаюць далейшага змякчэння санкцый супраць Расіі.
ПР/юл