Беларуская Служба

Урад Іспаніі спакойна ўспрыняў пагрозы Трампа аб магчымым вывадзе войскаў

01.05.2026 16:21
Гэта чарговая крытыка Трампа ў адрас Іспаніі за апошнія месяцы. 
Дональд Трамп PAP/EPA/AARON SCHWARTZ / POOL

Іспанскі ўрад спакойна ўспрыняў пагрозы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які ў чацвер заявіў, што можа вывесці амерыканскія войскі з Іспаніі і Італіі, паведамляе іспанскае інфармацыйнае агенцтва EFE са спасылкай на ўрадавыя крыніцы.

Крыніцы агенцтва таксама падкрэслілі, што Іспанія з'яўляецца надзейным партнёрам і заўсёды выконвае свае абавязацельствы.

На пытанне СМІ ў Авальным кабінеце ў чацвер, ці разгледзіць ён таксама магчымасць вываду войскаў з Італіі і Іспаніі, Трамп адказаў: «Так, напэўна. Чаму б і не?»

 Італія нам не дапамагае, а Іспанія жахлівая, абсалютна жахлівая,  дадаў ён.

У сераду Трамп таксама абвясціў, што амерыканцы аналізуюць магчымасць скарачэння колькасці войскаў у Германіі, і рашэнне па гэтым пытанні чакаецца ў бліжэйшы час.

Infobae адзначыла, што гэтыя тры еўрапейскія краіны маюць стратэгічнае значэнне для ўзброеных сіл ЗША, і выкананне пагроз Трампа запатрабуе пераводу прыблізна 50 тысяч вайскоўцаў. Толькі ў Іспаніі на базах Рота і Марон у Андалусіі дыслакуюцца больш за 3800 амерыканскіх салдат і прыблізна 500 грамадзянскіх.

Гэта чарговая крытыка Трампа ў адрас Іспаніі за апошнія месяцы. Ён абвінавачвае ўрад у Мадрыдзе ў прызначэнні недастатковых сум на абарону і ў тым, што ён не дазваляе амерыканскім войскам выкарыстоўваць базы на поўдні краіны падчас атакі на Іран.
Раней Трамп таксама прапанаваў НАТА разгледзець магчымасць выключэння Іспаніі з альянсу і пагражаў краіне разрывам гандлёвых адносін.

Іспанія сцвярджае, што вайна ЗША і Ізраіля з Іранам, якая пачалася 28 лютага, зʼяўляецца незаконнай паводле міжнароднага права. Урад Санчэса адмовіўся дазволіць выкарыстанне баз у Андалусіі, якія ЗША выкарыстоўвалі дзесяцігоддзямі, падчас атакі на Іран. Акрамя таго, ён закрыў сваю паветраную прастору для самалётаў, якія дзейнічаюць на Блізкім Усходзе.

У канцы красавіка агенцтва Reuters паведаміла, што ва ўнутраным электронным лісце Пентагона былі выкладзены варыянты пакарання саюзнікаў па НАТА, якія, паводле звестак міністэрства, не падтрымалі дзеянні ЗША ў вайне з Іранам. Сярод іх прыпыненне членства Іспаніі ў альянсе і перагляд пазіцыі ЗША адносна прэтэнзій Вялікабрытаніі на Фалклендскія астравы.

Прэмʼер-міністр Іспаніі Педра Санчэс заявіў тады, што будзе каментаваць толькі афіцыйныя дакументы, а не электронныя лісты.

РАР/ав