Беларуская Служба

Дональд Трамп пасварыўся з прэм’ер-міністрам Ізраіля, назваўшы яго «вар'ятам»

02.06.2026 10:15
Трамп запатрабаваў ад Ізраіля згоды на спыненне агню з ліванскай «Хезбалой».
-          .
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху загадаў нанесці ўдары па паўднёвых прыгарадах Бейрута.Фота: EPA/ATEF SAFADI

Ізраільскія і амерыканскія СМІ шырока цытуюць нядаўнюю размову Дональда Трампа з Біньямінам Нетаньяху. Гэта не толькі сведчыць пра пагаршэнне адносін паміж двума лідарамі, але і выклікае пытанні аб тым, наколькі Злучаныя Штаты будуць кантраляваць дзеянні Ізраіля ў Ліване.

Паводле паведамленняў, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп учора (1 чэрвеня) падчас тэлефоннай размовы накінуўся на Біньяміна Нетаньяху, выкарыстоўваючы абразлівыя словы і назваўшы прэм'ер-міністра Ізраіля «вар'ятам». Трамп запатрабаваў ад Ізраіля згоды на спыненне агню з ліванскай «Хезбалой», сцвярджаючы, што прэм'ер-міністр павінен быць яму ўдзячны, бо дзякуючы яго дзеянням Нетаньяху, які зараз знаходзіцца пад судом па абвінавачванні ў карупцыі, яшчэ не сядзіць у турме. Axios цытуе амерыканскага чыноўніка, які такім чынам абагульніў словы Трампа ў адрас Нетаньяху: «Ты звар'яцеў. Ты б быў у турме, калі б не я. Я ратую цябе. Цяпер цябе ўсе ненавідзяць. Усе ненавідзяць Ізраіль з-за гэтага».

Паводле слоў амерыканскіх чыноўнікаў, Трамп лічыць, што ізраільскія вайскоўцы непрапарцыйна адрэагавалі на ўдары «Хезбалы» ў апошнія дні. Гэта ставіць пад пагрозу намаганні Вашынгтона па падаўжэнні спынення агню з Іранам. Іран згодны падпісаць пагадненне, але пры ўмове спынення ізраільскіх атак на Ліван.

Офіс прэм'ер-міністра Ізраіля паведаміў, што Нетаньяху сказаў Трампу, што ўдары па Бейруце будуць здзейснены, калі «Хезбала» будзе нападаць на ізраільскія гарады і грамадзян. На поўдні Лівана ізраільскія сілы «як чакаецца, будуць дзейнічаць па плане».

Узмацненне ізраільскіх удараў па Ліване было асуджана пераважнай большасцю членаў Рады Бяспекі ААН, якая па просьбе Францыі ўчора (1 чэрвеня) склікала пазачарговае пасяджэнне па гэтым пытанні.

IAR/нг