У сераду Пентагон абвясціў, што армія ЗША заключыла кантракт з Lockheed Martin на суму 58,6 мільярда долараў на пастаўку ракет Patriot.
Сума новага кантракту ў 58,6 мільярда долараў зʼяўляецца вынікам пераўтварэння дзейнага гадавога кантракту коштам 4,7 мільярда долараў у доўгатэрміновы 7-гадовы план закупак, які ахоплівае 2026-2032 гады.
Прадстаўнікі прамысловасці віталі пагадненне, але адзначылі, што «Кангрэс павінен спачатку выдзеліць сродкі, перш чым кампаніі змогуць пачаць інвеставаць у кампаненты і вытворчыя магутнасці», — адзначае Reuters.
Новае фінансаванне дазволіць патроіць вытворчасць ракет PAC-3 MSE, якія супрацьстаяць балістычным ракетам, крылатым ракетам і самалётам, да 2030 года. Плануецца павялічыць вытворчасць да 2 тысяч адзінак у год. Чакаецца, што занятасць на абʼекце ў Кэмдэне ў штаце Арканзас павялічыцца на 50 працэнтаў да 1850 чалавек. Lockheed інвестуе ад 8 да 9 мільярдаў долараў у мадэрнізацыю сваіх абʼектаў у ЗША.
Пентагон таксама падпісаў кантракт з фірмай RTX на павелічэнне вытворчасці ракет Tomahawk з прыблізна 60 да 1000 адзінак у год.
Паводле ацэнак CSIS, у амерыканскіх вайскоўцаў цяпер засталося менш за тысячу ракет Patriot і менш за 250 ракет THAAD на складах.
РАР/юл