У Нарвегіі падпісаны кантракт на будаўніцтва першага ў свеце тунэлю для марскіх суднаў, паведаміла Нарвежскае берагавое ўпраўленне. У чэрвені парламент краіны зацвердзіў канчатковы бюджэт. Сума кантракту – 5 млрд 600 млн нарвежскіх крон (амаль 514 млн еўра). Працы над Stad Ship Tunnel на заходнім узбярэжжы краіны пачнуцца ў 2027 годзе.
Ідэя пракласці тунэль праз скалісты паўвостраў Стадландэт абмяркоўвалася ў Нарвегіі дзесяцігоддзямі. На першы погляд праект здаецца занадта дарагім, аднак яго важнасць не выклікае дыскусій, бо гэта – адзін з самых небяспечных водных раёнаў у свеце. Штормы бушуюць тут каля 100 дзён у год, хвалі дасягаюць 30 метраў, а судны вымушаныя прастойваць у чаканні добрага надвор'я. Гэта стварае праблемы для рыбалоўнага флоту, грузавых перавозак і экспарту ласося, а таксама перагружае чыгунку, якая зʼяўляецца адзінай транспартнай альтэрнатывай.
Тунэль працягласцю ў 1 км 700 м дазволіць суднам бяспечна праходзіць пад гарой, абыходзячы праблемны ўчастак. Вышыня тунэлю складзе 50 м, шырыня – 36 м, а вышыня ад узроўню мора да столі – 33 м. Праз тунэль змогуць праходзіць судны з асадкай да 12 м і шырынёй корпуса да 22 м.
Плануецца, што будаўніцтва Stad Ship Tunnel працягнецца пяць гадоў.
вс