У 35-ю гадавіну сваёй незалежнасці Украіна застаецца аб'яднанай, стойкай і здольнай змагацца; свет павінен даць нам усё, каб прымусіць Расію спыніць вайну, заявіў у панядзелак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
— Сёння сапраўды вельмі, вельмі цяжкі час для ўсіх нас, але пэўная сіла — зусім не нябачная — моцна трымае нас за руку. Гэта ўзаемная падтрымка, адсутнасць сумневаў у тым, хто стаіць побач з намі, і вера ва ўсіх украінцаў. І пакуль вораг не разарве гэтую падтрымку, Украіна не ўпадзе. Яна будзе змагацца за свой мір. І ў яе ўсё атрымаецца, — сказаў ён у сваім пасланні да Дня незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Уладзімір Пуцін разлічвае на тое, што ўкраінцы будуць знясіленыя вайной.
— Пуцін разлічвае на тое, што мы стаміліся. Мы ведаем, што ён смяротны. Ён ніколі нас не разумеў. Цяпер у яго не будзе часу, — падкрэсліў ён. — Вы хацелі забраць усю Украіну, усю нашу зямлю, але замест гэтага вы страцілі свае нафтаперапрацоўчыя заводы, свой флот, свае даходы і цэлае пакаленне, якое вы адправілі на мясарубку. Вы хацелі, каб мы зніклі з карты, а цяпер вы зніклі з міжнароднага парадку дня будучай цывілізацыі. 27 гадоў расійскі лідар казаў пра веліч, а Расія стаіць у чэргах за бензінам, — заявіў Зяленскі, звяртаючыся да расійскага народа.
Прэзідэнт Украіны заклікаў свет да адзінства перад абліччам расійскай пагрозы і выказаў перакананне, што Расію трэба «даціснуць да самага канца».
Зяленскі заявіў, што Украіна не просіць нікога ваяваць за яе.
— Дайце Украіне ўсё, што дазволіць нам спыніць гэтую вайну — спыніць яе хутчэй, чым Пуцін зможа пачаць іншую. Каб гэтага не адбылося, мы павінны дзейнічаць разам. Еўропа павінна быць Еўропай — адзінай, амбіцыйнай і смелай, — сказаў ён.
Прэзідэнт таксама звярнуўся да Кітая, заявіўшы, што ён больш не можа маўчаць перад пагрозамі расійскіх палітыкаў ужыць ядзерную зброю.
— Кітай павінен адрэагаваць і стрымаць свой энтузіязм. Кітай павінен прадэманстраваць сваё імкненне быць адным з сусветных лідараў — не толькі эканамічна і тэхналагічна, але і цывілізацыйна, — даючы зразумець, што ніводнаму дыктатару не дазволена пагражаць планеце сваімі старымі баягалоўкамі, — падкрэсліў ён.
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна памятае ўсіх, хто стаяў і стаіць побач з ёй у самыя цяжкія моманты.
— Мы верым у кожнага, хто ўсё яшчэ з намі. Гэта сяброўства — таксама праява найлепшых чалавечых якасцей, якія ўласцівыя Украіне і яе партнёрам. Таму нішто не пахісне кааліцыю, якую Украіна сабрала вакол сябе. На баку Украіны больш людзей. На баку праўды больш дзяржаў, — заявіў прэзідэнт Украіны.
24 жніўня Украіна адзначае Дзень незалежнасці, прысвечаны 35-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці краіны. Гэтая былая рэспубліка СССР стала незалежнай дзяржавай 24 жніўня 1991 года, калі Вярхоўная рада ў Кіеве прыняла Акт аб незалежнасці.
ав