Колькасць загінулых у выніку разбуральнай раптоўнай паводкі ў Непале і суседнім Тыбеце ў сераду 26-га жніўня павялічылася як мінімум да 750 чалавек. Спіс зніклых без вестак вырас да больш чым 3 тысяч. На працягу выхадных пошукі ахвяр катастрофы неаднаразова прыпыняліся з-за пагаршэння надворʼя і пагрозы далейшых апоўзняў і паводак. Спецыяльны пасланнік Польскага радыё Томаш Саевіч знаходзіцца ў пацярпелым ад паводкі горадзе Бірун, размешчаным 130 км на поўдзень ад Катманду.
— Дажджы, якія ідуць з учорашняга дня (29 жніўня), значна ўскладнілі пошукі целаў і размеркаванне гуманітарнай дапамогі. Улады Непала абвясцілі, што з пацярпелых ад паводкі і ізаляваных раёнаў было эвакуявана больш за 7 тысяч чалавек. Аднак, паводле папярэдніх ацэнак Чырвонага Крыжа, ад катастрофы пацярпелі як мінімум 90 тысяч чалавек.
Выратавальная аперацыя сканцэнтравана на тым, каб дабрацца да сотняў людзей, якія маглі застацца ў тунэлях пад разбуранымі гідраэлектрастанцыямі. Непальскія ўлады, якія раней адмаўляліся прымаць замежных ратавальнікаў, цяпер звярнуліся да Кітая па дапамогу ў правядзенні аперацый у тунэлях. Кітайскія эксперты ўжо знаходзяцца на месцы, ацэньваючы магчымасці дабрацца да тунэляў.
Тым часам у Кітаі інфармацыя пра маштабы катастрофы, у выніку якой, сярод іншага, быў знішчаны памежны пераход Гʼіронг паміж Непалам і Тыбетам, падвяргаецца строгай цэнзуры. З інтэрнэту выдаляюцца відэа, якія паказваюць момант, калі ўвесь пераход знікае пад напорам паводкавых вод. Кітайскія ўлады паведамілі, што ў Тыбеце зніклі без вестак 261 замежнік з 23 краін. Сярод іх прыблізна 100 непальцаў, амаль 50 грамадзян Індыі, а таксама 33 амерыканцы, брытанцы і латышы.
ПР/юл