Раніцай 13 верасня пад абстрэл трапіла іранскае гандлёвае судна каля вострава Кешм — іранскія СМІ паведамляюць, што адзін чалавек загінуў і трое параненыя. Яшчэ адно судна было абстраляна 12 верасня пры спробе прайсці праз Армузскі праліў, хоць падрабязнасці невядомыя.
Тым часам у праліве Баб-эль-Мандеб, які злучае Чырвонае мора з Адэнскім залівам, працягваюцца баі паміж еменскімі паўстанцамі-хусітамі і ўрадавымі сіламі, якіх падтрымлівае Саудаўская Аравія.
Хусіты заявілі, што нанеслі ўдар па ваеннай базе на поўдні Саудаўскай Аравіі, атакуючы «склады зброі і камандныя цэнтры». Аднак яны не назвалі дату атакі. Паводле слоў хусітаў, саудаўскія знішчальнікі здзейснілі амаль 130 налётаў за апошнія 48 гадзін. Еменскія ўлады абвясцілі аб перагрупоўцы войскаў і падрыхтоўцы да контрнаступу.
Нягледзячы на відавочныя сувязі хусітаў з Іранам, а Корпус вартавых рэвалюцыі называе іх апошні наступ «боскім трыумфам», прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян запэўніў (12 верасня), што яго краіна не ваюе з Саудаўскай Аравіяй і заклікаў да рэгіянальнага адзінства перад абліччам знешніх пагроз. Менавіта гэта заяўлена мэтай заўтрашняй (14 верасня) сустрэчы краін Персідскага заліва ў Амане, дзе будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Армузскім праліве. Паводле паведамленняў іранскіх СМІ, праліў не адкрыецца, пакуль Вашынгтон не выканае ўмовы Тэгерану, а менавіта не спыніць блакаду іранскіх партоў.
У сваю чаргу Ізраіль інтэнсіфікаваў удары па паўднёвым Ліване. Выбух, які адбыўся раніцай у горадзе Хіям, быў настолькі магутным, што ў суседніх гарадах былі выбітыя вокны. Цэллю, верагодна, быў тунэль, які выкарыстоўваўся «Хезбалой». Тым часам у Набатыі, якая стала аб'ектам шматлікіх атак цягам мінулага тыдня, з візітам прыехалі прэзідэнт Лівана Джозэф Аун і галоўнакамандуючы Ліванскай арміі ў знак салідарнасці з жыхарамі, якія пацярпелі ад нападу.
Раніцай 13 верасня бліжэйшая вёска Заўтар-іль-Шаркіе таксама апынулася пад абстрэлам ізраільскай артылерыі. Заўтар-іль-Шаркіе — адна з трох вёсак, з якіх Ізраіль павінен быў вывесці войскі, перадаўшы кантроль ліванскай арміі. Гэта прадугледжана чэрвеньскім рамачным пагадненнем паміж Бейрутам і Тэль-Авівам, дэталі якога павінны былі абмяркоўвацца ў бліжэйшыя дні. Аднак учора прэзідэнт Аун абвясціў, што перамовы пакуль не адбудуцца. Афіцыйная прычына — ізраільскія святы — у гэтыя выхадныя габрэі святкуюць Рош ха-Шана, або Новы год.
ПР/юл