Папа Рымскі Леў XIV заклікаў не ўспрымаць вайну як непазбежную рэальнасць і вырашаць канфлікты праз дыялог і дыпламатыю. Пра гэта пантыфік заявіў у Парыжы падчас сваёй першай прамовы ў Францыі — на сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, грамадства і дыпламатычнага корпусу ў Елісейскім палацы.
«Перад абліччам рэха вайны і шматлікіх крызісаў, якія ўзрушылі наш свет, Францыя мае пакліканне заставацца нястомным будаўніком міру і шматбаковага супрацоўніцтва, асабліва ў нашай любай Еўропе. Няхай Францыя, верная сваім каштоўнасцям, апрацоўвае глебу дзеля міру, заснаванага на раззбраенні, і няхай адказна ўносіць свой незаменны ўклад у справу міру», — заявіў Леў XIV.
Візіт Папы Рымскага ў Францыю працягнецца да 28 верасня. Гэта пятая міжнародная апостальская вандроўка Льва XIV. Ён наведае Парыж, Лурд і Мец, а таксама штаб-кватэру ЮНЕСКА.
У праграме візіту — сустрэчы з прадстаўнікамі французскіх уладаў, моладдзю, духавенствам і мігрантамі, а таксама малітвы і імшы. У Мецы Леў XIV выступіць на сустрэчы, прысвечанай міру і адзінству Еўропы.
iar/эж