Варшава выступае супраць скарачэння сродкаў на развіццё рэгіёнаў, а таксама супраць пералічэння ў бюджэт ЕС часткі даходаў ад еўрапейскай сістэмы гандлю квотамі на выкіды вуглякіслага газу — ETS.
Вынікі перамоў сведчаць аб тым, што ўсе краіны Еўрасаюза ўжо ўсведамляюць: для Польшчы фінансаванне агульнаеўрапейскага бюджэту за кошт даходаў ад ETS непрымальнае. Таму неабходна будзе знайсці іншае рашэнне.
Польшча паслядоўна выступае супраць гэтай прапановы з моманту прадстаўлення Еўракамісіяй праекта новага бюджэту ў ліпені мінулага года. Варшава адхіліла таксама кампрамісную прапанову старшыні Еўрапейскай рады Антоніу Кошты, якая прадугледжвала пераходныя перыяды. Згодна з яго прапановай, Польшча пералічыла б у бюджэт ЕС замест 10 мільярдаў еўра ўдвая меншую суму.
— Нельга дапусціць сітуацыі, калі больш будуць плаціць бяднейшыя краіны. Мы катэгарычна супраць сістэмы ўласных даходаў бюджэту ЕС, заснаванай на ETS. Гэтыя грошы павінны застацца ў Польшчы і працаваць на зялёныя інвестыцыі ў нашай краіне, — заявіў у кулуарах саміту намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Немчыцкі.
Такое рашэнне не мела б шанцаў на ратыфікацыю ў Польшчы.
Спрэчкі вакол маштабаў скарачэння бюджэту
Польшча таксама імкнецца не дапусціць далейшага скарачэння сродкаў на развіццё рэгіёнаў або прынамсі звесці гэтыя страты да мінімуму. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, чарговы праект бюджэту ЕС можа быць на 220–250 мільярдаў еўра меншы ў параўнанні з першапачатковай прапановай Еўракамісіі.
На скарачэнні выдаткаў настойваюць сем краін: Германія, Аўстрыя, Бельгія, Данія, Фінляндыя, Нідэрланды і Швецыя. Менавіта прадстаўнікі гэтых дзяржаў выказалі найбольшую незадаволенасць ходам перамоў у Бруселі. Ім не спадабалася рашэнне старшыні Еўрапейскай рады праводзіць кансультацыі ў меншых групах. Прэм’ер-міністры Бельгіі і Даніі нават праігнаравалі гэтыя сустрэчы.
Дональд Туск: танная Еўропа можа стаць вельмі дарагой памылкай
Польшча ўзяла ўдзел у перамовах у рамках так званай Вялікай шасцёркі — групы шасці найбуйнейшых эканомік Еўрасаюза. Прэм’ер-міністр Дональд Туск правёў перамовы з лідарамі Германіі, Францыі, Іспаніі, Нідэрландаў і Італіі. Ён таксама сустрэўся з прадстаўнікамі групы 17 краін, якія выступаюць супраць скарачэння фінансавання развіцця рэгіёнаў.
— Маё сённяшняе пасланне: танная Еўропа можа аказацца вельмі дарагой памылкай. Бяспека мае сваю цану, — напісаў кіраўнік польскага ўрада ў сацыяльнай сетцы X.
Раней Дональд Туск таксама перасцерагаў ад скарачэння выдаткаў на абарону. Асаблівае значэнне для Польшчы маюць сродкі на забеспячэнне вайсковай мабільнасці. Праз тэрыторыю краіны праходзяць тры з чатырох стратэгічных калідораў так званага вайсковага Шэнгена, якія злучаюць Заходнюю Еўропу з усходнім флангам НАТА.
Аднак галоўнымі прыярытэтамі Польшчы ў бюджэтных перамовах застаюцца захаванне нацыянальнага пакета фінансавання развіцця рэгіёнаў і сельскай гаспадаркі, які цяпер складае 123 мільярды еўра, а таксама выключэнне з праекта бюджэту палажэння аб перадачы часткі даходаў ад ETS у агульнаеўрапейскую казну.
У снежні Еўрасаюз чакае перамоўны марафон
Наступны саміт Еўрасаюза пачнецца 17 снежня. Аднак пакуль невядома, колькі дзён ён працягнецца.
Як даведалася брусельская карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка, разглядаецца магчымасць правядзення двухдзённага саміту 17 і 18 снежня. Калі лідарам не ўдасца дасягнуць пагаднення, пасля перапынку на выходныя перамовы могуць аднавіцца яшчэ на два дні.
У Бруселі ўжо гучаць сумневы наконт таго, ці ўдасца ўзгадніць новы бюджэт да канца года. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон папярэдзіў, што ў наступным годзе дасягнуць кампрамісу будзе яшчэ складаней, паколькі ў шэрагу еўрапейскіх краін, у тым ліку ў самой Францыі, адбудуцца выбары. Змены палітычнага раскладу могуць істотна ўскладніць бюджэтныя перамовы.
IAR/яс