Міністэрства замежных спраў Літвы адрэагавала на крытыку кіраўніка польскай дыпламатыі Радаслава Сікорскага адносна становішча польскай нацыянальнай меншасці ў Літве. Ведамства запэўніла, што праблемы нацыянальных меншасцей з’яўляюцца прадметам пастаяннага двухбаковага дыялогу.
Як паведамляе літоўскі партал LRT, МЗС звярнула ўвагу на разгалінаваную сетку дзіцячых садкоў і школ з польскай мовай навучання, а таксама дзейнасць філіяла Беластоцкага ўніверсітэта ў Вільні. На думку літоўскай дыпламатыі, палякі ў Літве маюць шырокія магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове.
Ведамства нагадала, што ў жніўні літоўскі ўрад змякчыў патрабаванні адносна мінімальнай колькасці вучняў у некаторых школах нацыянальных меншасцей. Дзякуючы гэтаму ўдалося захаваць адну школу ў Салечніцкім раёне і адзінаццаць класаў у іншых навучальных установах.
МЗС Літвы таксама паведаміла, што падтрымала законапраект, які дазваляе арыгінальнае напісанне імёнаў і прозвішчаў з выкарыстаннем дыякрытычных знакаў. Аднак тэрміны прыняцця новых нормаў не названыя. Ведамства таксама не пракаментавала пытанне двухмоўных назваў населеных пунктаў.
У літоўскім МЗС падкрэслілі, што Польшча з’яўляецца блізкім суседам Літвы, партнёрам па Еўрасаюзе і саюзнікам па НАТА. Паводле ведамства, абедзве краіны паважаюць правы нацыянальных меншасцей, падтрымліваюць захаванне іх культурнай самабытнасці і вядуць пастаянны палітычны і экспертны дыялог па ўзнятых імі праблемах.
Нагадаем, 26 лістапада віцэ-прэм’ер, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў у Сенаце, што становішча польскай меншасці ў Літве выклікае «сур’ёзную занепакоенасць».
Кіраўнік польскай дыпламатыі звярнуў увагу на няроўнае стаўленне літоўскіх уладаў да польскамоўных школ, імкненне абмежаваць іх статус і скараціць колькасць. Сярод нявырашаных праблем ён таксама назваў немагчымасць напісання прозвішчаў з выкарыстаннем польскіх дыякрытычных знакаў і размяшчэння шыльдаў з геаграфічнымі назвамі на польскай мове ў мясцовасцях, дзе палякі складаюць значную частку насельніцтва.
IAR/яс