Беларуская Служба

Трамп увёў супраць Венесуэлы поўнае эканамічнае эмбарга

06.08.2019 14:06
Гэтым распараджэннем, як паведамляе прэс-служба Белага дому, Трамп замарозіў, змешчаныя на тэрыторыі ЗША, усё актывы ўрада Венесуэлы і звязаных з ім арганізацый.
Donald Trump
Donald TrumpPAP/EPA/SHAWN THEW

ЗША ўзмацнілі эканамічны ціск на ўрад Венесуэлы на чале з Нікаласам Мадура. Прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп увечары ў панядзелак, 5 жніўня, падпісаў указ аб увядзенні поўнага эканамічнага эмбарга супраць гэтай краіны.

Гэтым распараджэннем, як паведамляе прэс-служба Белага дому, Трамп замарозіў, змешчаныя на тэрыторыі ЗША, усё актывы ўрада Венесуэлы і звязаных з ім арганізацый, а таксама забараніў любыя эканамічныя аперацыі з імі. Выключэнні зроблены для аперацый, звязаных з прадстаўленнем гуманітарнай дапамогі.

Часовы прэзідэнт Венесуэлы Хуан Гуайдо вітаў новыя санкцыі ЗША супраць Мадура. Гаворка ідзе пра абарону венесуэльцаў, тыя, хто падтрымлівае незаконнае знаходжанне Мадура ва ўладзе, павінны ведаць, што гэта не застанецца без наступстваў, напісаў апазіцыйны палітык у сваім мікраблогу Twitter у ноч на з 5 на 6 жніўня.

Барацьба за ўладу паміж Хуанам Гуайдо і Нікаласам Мадура працягваецца ў Венесуэле ўжо некалькі месяцаў. Краіна перажывае глыбокі эканамічны і палітычны крызіс. Каля паўсотні дзяржаў, у тым ліку Германія і Польшча, прызналі Гуайдо часовым прэзідэнтам. Кіраўнік Венесуэлы Мадура карыстаецца падтрымкай арміі і сілавых структур, яго легітымнасць сярод іншых прызнаюць Расія, Кітай і Куба.

паводле dw.com/эж