ЗША распачалі працэс выхаду з Парыскага кліматычнага паразумення, падпісанага ў 2015 годзе. Яно накладае на падпісантаў абавязак абмежавання выкідаў цяплічных газаў.
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа паінфармаваў, што ўлады ў Вашынгтоне пераслалі ў гэтай справе адпаведную ноту ў ААН. У заяве шэф амерыканскай дыпламатыі назваў паразуменне з Парыжа «несправядлівым эканамічным цяжарам» для амерыканскай эканомікі.
На Твітэры Пампэа напісаў, што ЗША ганарацца «сваёй пазіцыяй сусветнага лідара» ў абмежаванні выкідаў цяплічных газаў, развіцці гаспадаркі і пастаўцы энергіі грамадзянам. – Наша мадэль рэальная і прагматычная, – дадаў.
Прэзідэнт Дональд Трамп шматразова крытыкаваў парыскае кліматычнае пагадненне. На выбарчай сустрэчы ў Пенсільваніі ён казаў, што не хоча «караць амерыканцаў, пры гэтым узбагачаць забруджвальнікаў».
ЗША будуць першай краінай, якая выйдзе з Парыскага пагаднення. Дакумент падпісалі амаль 200 дзяржаваў. Кожная краіна абавязалася абмежаваць выкіды цяплічных газаў, якія вядуць да кліматычных змен. Гэта першая ў гісторыі міжнародная дамова, якая абавязала краіны свету дзейнічаць на карысць аховы клімату.
ав