Беларуская Служба

Польшча і шэсць краін выступаюць за атамную энергію

27.03.2021 09:12
Лідары гэтых краін накіравалі ў Еўрапейскую камісію сумесны ліст аб ролі ядзернай энергетыкі ў клімаце і энергетычнай палітыцы ЕС.
АЭС у Філіпсбургу ў ГерманііWikimediaImages/pixabay.com/CC0

Лідары Чэхіі, Францыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Славакіі і Славеніі накіравалі ў Еўрапейскую камісію сумесны ліст аб ролі ядзернай энергетыкі ў клімаце і энергетычнай палітыцы ЕС, піша energetyka24.com.

Сумесны ліст з'яўляецца «тэрміновым заклікам забяспечыць сапраўдныя роўныя ўмовы для ядзернай энергетыкі ў ЕС». Краіны заклікаюць не выключаць гэты від энергетыкі з кліматычнай і энергетычнай палітыкі і стымулаў ЕС, асабліва беручы пад увагу, што палова краін ЕС выкарыстоўвае або развівае ядзерную энергетыку.

Паводле падпісантаў, Еўрапейская камісія павінна зрабіць усё, каб энергетычная і кліматычная палітыка ЕС улічвала ўсе шляхі да кліматычнай нейтральнасці. У гэтым кантэксце ўсе наяўныя і будучыя тэхналогіі з нулявым і нізкім узроўнем вугляроду павінны аднолькава разглядацца ў рамках усіх палітык.

Лідары Чэхіі, Францыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Славакіі і Славеніі адзначаюць, што развіццё ядзернага сектара ў ЕС ставіцца пад сумнеў шэрагам дзяржаў-членаў, нягледзячы на яго істотны ўклад у барацьбу са зменамі клімату.

У лісце таксама выказваецца занепакоенасць тым, што права дзяржавы-члена выбіраць паміж рознымі крыніцамі энергіі і вызначаць агульную структуру энергазабеспячэння ў цяперашні час вельмі абмежавана на ўзроўні ЕС, што выключае атамную энергетыку з усё большай колькасці палітык.

ав