Прэзідэнт Францыі абвясціў аб скаардынаваных дзеяннях з еўрапейскімі партнёрамі па дээскалацыі канфлікту вакол расійска-ўкраінскай мяжы.
Эмануэль Макрон заявіў, што галоўная мэта дзеянняў краін Веймарскага трохкутніка – пазбегнуць вайны ва Украіне.
Ён падкрэсліў, што трэба адстойваць адзінства краін Еўрапейскага саюза і фундаментальныя еўрапейскія каштоўнасці.
«У прыватнасці, размова ідзе аб павазе суверэнітэту ўсіх дзяржаў, тэрытарыяльнай цэласнасці і нашых каштоўнасцяў, замацаваных у Хартыі правоў», – сказаў Макрон.
Прэзідэнт Францыі таксама ўказаў на неабходнасць распачаць «патрабавальны дыялог з Масквой».
«Аднаўленне гэтага дыялогу і прыняцце на сябе адказнасці ўсімі партнёрамі – як гэта было публічна пацверджана прэзідэнтам Пуціным і прэзідэнтам Зяленскім – гэта адзіны спосаб, які дазволіць дасягнуць міру ва Украіне», – заявіў Эмануэль Макрон.
Прэзідэнт Францыі таксама заявіў, што краіны-члены NATO і ЗША вядуць перамовы аб новых гарантыях бяспекі для забеспячэння стабільнасці і доўгатэрміновага міру ў Еўропе.
IAR / вх