У нас ёсць гатовы план па абмежаванні колькасці турыстычных віз, якія выдаюцца грамадзянам Расіі. У першую чаргу, мы б выдавалі іх на аснове сямейных сувязяў, працы або вучобы, заявіў міністр замежных спраў Пека Хаавіста ў аўторак раніцай.
Апошнім часам Фінляндыя стала для расіян транзітнай краінай. Падарожнікі накіроўваюцца ў аэрапорт Хельсінкі-Вантаа, каб ляцець далей. Гэта ўспрымаецца як абыход абмежаванняў на паездкі, прызнаў кіраўнік МЗС у ранішняй праграме тэлеканала Yle.
Хаавіста падкрэсліў, што неабходна агульнае рашэнне ЕС у сферы віз для расіян. Найбольшую колькасць шэнгенскіх віз выдаюць Грэцыя, Італія і Іспанія; менавіта па атрыманых у гэтых краінах візах расіяне едуць праз Фінляндыю ў Еўропу.
Урад Фінляндыі пачаў абмяркоўваць магчымасці і маштаб візавых абмежаванняў, напрыклад, да адной пятай ці нават адной дзясятай цяперашняга ўзроўню.
У цяперашні час Міністэрства замежных спраў Фінляндыі выдае расіянам каля 1000 віз у дзень. У ліпені ўлады Фінляндыі і Расіі знялі каранавірусныя абмежаванні на трансгранічны рух. Да пандэміі ён быў на ўзроўні 3-6 тысяч штодня.
«Несправядліва, што расіяне могуць падарожнічаць, прыязджаць у Шэнгенскую зону і любавацца турыстычнымі славутасцямі ў той жа час, калі Расія забівае людзей ва Украіне», – заявіла прэм'ер-міністр Санна Марын пасля сустрэчы кіраўнікоў урадаў Паўночных краін у Осла ў панядзелак.
Канцлер Германіі Олаф Шольц выступіў супраць увядзення абмежаванняў на візы для расіянаў. Паводле яго слоў, «гэта вайна Пуціна, а не грамадзян Расіі».
ав