Беларуская Служба

Старшыня Меджліса крымскіх татараў прапануе рэформы статуса Крыма

25.10.2022 08:30
У сталіцы Харватыі праходзіць першы парламенцкі саміт міжнароднай Крымскай платформы.
Старшыня Меджліса Рэфат Чубараў Автор: NEWS UTR - https://www.youtube.com/watch?v=hjeYbonSmpo (Creative Commons — Attribution), CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=34675714

Старшыня Меджліса – заканадаўча-прадстаўнічага органа крымскіх татараў – прапанаваў унесці змены ў Канстытуцыю Украіны адносна статуса Крыма, як нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі.

Рэфат Чубараў прымае ўдзел у першым парламенцкім саміце міжнароднай Крымскай платформы, які праходзіць у сталіцы Харватыі – Заграбе. Да ўдзелу былі запрошаны дэлегацыі з больш чым 50 краін і інстытутаў. Рэфат Чубараў заклікаў міжнародных партнёраў падтрымаць праект зменаў:

- Летась украінскі парламент ухваліў закон аб карэнных народах. Ужо падрыхтаваны праект закона аб статусе крымскататарскага народа. Мы спадзяемся, што нашы міжнародныя партнёры працягнуць нас падтрымліваць. Так што можна сказаць, што кірунак падтрымкі Украіны і ўзровень гэтай падтрымкі будуць вызначаць парламенты гэтых краін.

23 ліпеня мінулага года ва Украіне ўступіў у сілу закон «Аб карэнных народах Украіны». Ва Украіне карэннымі народамі з’яўляюцца крымскія татары, караімы і крымскія габрэі, якія паходзяць з тэрыторыі Крыму. Мэтай закона з'яўляецца вызначэнне прававога статусу карэнных народаў Украіны і гарантаванне ім поўных правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Першы саміт у рамках Крымскай платформы прайшоў 23 жніўня 2021 года ў Кіеве, напярэдадні 30-годдзя незалежнасці Украіны. Удзельнікі падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой, у тым ліку, было сказана, што падпісанты не прызнаюць незаконнай анексіі Крыма Расіяй. Дэкларацыю праз сваіх прадстаўнікоў падпісалі 46 краін і міжнародных арганізацый.

IAR/аз