Беларуская Служба

Прэм'ер Эстоніі: Украіна не стане сябрам НАТА перад заканчэннем вайны

27.04.2023 14:15
Кая Калас, якая на гэтым тыдні наведала Кіеў, заявіла, што Кіеў павінен мець ясную перспектыву ў гэтым пытанні.
-
Прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас PAP/EPA/PRESIDENTIAL PRESS SERVICE HANDOUT

Відавочна, што Украіна не стане сябрам НАТА да заканчэння вайны, заявіла ў інтэрв’ю эстонскаму тэлебачанню ETV прэмʼер-міністр Эстоніі Кая Калас. На яе думку, гэта звязана з тым, што альянс не хоча ўступаць у  канфлікт.

На гэтым тыдні Кая Калас наведала Кіеў, дзе сустрэлася з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. У інтэрвʼю эстонскаму грамадскаму вяшчальніку яна заявіла, што ўкраінскага лідара цяпер найбольш за ўсё цікавяць пастаўкі боепрыпасаў і зброі. Не менш важнае пытанне сяброўства яго краіны ў НАТА і Еўрасаюзе.

«Калі мы гаворым аб прадастаўленні Украіне нейкіх гарантый бяспекі, то адзіная гарантыя, якая сапраўды працуе – гэта сяброўства ў НАТА», – сказала Кая Калас. Яна дадала, што Кіеў павінен мець ясную перспектыву ў гэтым пытанні.

«З іншага боку, мы гаворым Украіне, што ёй трэба зрабіць, каб рухацца ў гэтым кірунку», – дадала кіраўнічка эстонскага ўрада.

У аўторак Кая Калас наведала Польшчу, дзе размаўляла з прэмʼерам Матэвушам Маравецкім. Кіраўнікі ўрадаў запэўнілі, што будуць працягваць падтрымліваць Украіну і патрабаваць далейшых санкцый супраць Расіі.

IAR/аз