Беларуская Служба

Уладзімір Зяленскі ў Гаазе: Мы тут хочам бачыць Пуціна

04.05.2023 14:03
Падчас візіту ў галандскую Гаагу ўкраінскі лідар сустрэўся з кіраўніцтвам Міжнароднага крымінальнага суда, які ў сакавіку выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.
.
.PAP/EPA/Remko de Waal

Міністр замежных спраў Нідэрландаў Вопке Хёкстра запэўніў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, што падтрымае яго ў намаганнях прыцягнуць да суда расійскіх ваенных злачынцаў. Падчас візіту ў галандскую Гаагу ўкраінскі лідар сустрэўся з кіраўніцтвам Міжнароднага крымінальнага суда, які ў сакавіку выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.

Падчас сумеснай канферэнцыі з украінскім прэзідэнтам кіраўнік нідэрландскай дыпламатыі падкрэсліў, што ўрад яго краіны будзе падтрымліваць Украіну ў вайсковым і гуманітарным плане, а таксама ў аднаўленні краіны пасля вайны і ў прыцягненні ваенных злачынцаў да адказнасці:

-Не можа быць міру без справядлівасці. Ёсць толькі адзін адказ на агрэсію і ваенныя злачынствы, які гарантуе нам доўгатэрміновы мір. Гэта ўрок, які мы вынеслі з вайны шмат гадоў таму, і мы павінны прымяніць гэтыя веды сёння. Украінская пракуратура зафіксавала 85 тысяч расійскіх ваенных злачынстваў з пачатку вайны. Мы ніколі з гэтым не пагодзімся і зробім усё, што ад нас залежыць, каб прыцягнуць Расію да адказнасці.

Уладзімір Зяленскі гаварыў, што ўсе хочуць бачыць Уладзіміра Пуціна тут, у Гаазе:

-Мы ўсе хочам бачыць тут, у Гаазе, іншага Уладзіміра. Той, хто заслугоўвае санкцый за свае злачынныя дзеянні тут, у сталіцы міжнароднага права. Я ўпэўнены, што так і будзе, калі мы пераможам. І мы пераможам.

Уладзімір Зяленскі заявіў у Гаазе, што толькі ў красавіку расіяне адказныя за больш чым 6 тысяч ваенных злачынстваў у яго краіне. У выніку гэтых дзеянняў загінулі людзі, – падкрэсліў ён:

-Гэтыя расійскія злачынствы прывялі да гібелі 207 мірных жыхароў Украіны, у тым ліку адзінаццаці дзяцей. Толькі за мінулы месяц ад гэтых нападаў пацярпелі яшчэ 17 дзяцей і каля 400 дарослых. А поўнамаштабнае ўварванне Расіі працягваецца ўжо 15 месяцаў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў за тое, што ваенныя злачынствы, учыненыя расіянамі ва Украіне, фіксуюцца і пераследуюцца ў Гаазе. «Мы хочам сапраўднай свабоды, сапраўднай справядлівасці, сапраўднага міру, а не іх гібрыдных формаў», – сказаў ён.

Учора ўвечары Уладзімір Зяленскі прыбыў у Нідэрланды з неабвешчаным візітам пасля неабвешчанага візіту ў Фінляндыю.

ав