Беларуская Служба

ЕС выдзеліць мільярд еўра на пакупку снарадаў для Украіны

06.05.2023 08:28
Гаворка ідзе пра снарады калібру 155 мм, а таксама пра магчымасць фінансавання закупкі ракет.
Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп БарэльPAP/EPA/OLIVIER MATTHYS

Краіны ЕС прызначаць адзін мільярд еўра на сумесныя пакупкі снарадаў для Украіны. Гаворка ідзе пра снарады калібру 155 мм, а таксама пра магчымасць фінансавання пакупкі ракет, па жаданні Кіева.
Тэму працягвае карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Бэата Пламэцка:

- Мільярд еўра на сумесныя заказы і пакупкі будзе выдзелены з Еўрапейскага мірнага фонду, за сродкі якога ўжо больш за год фінансуецца ўзбраенне Украіны. Зараз бюджэт фонду складае 5 мільярдаў 600 мільёнаў еўра. Дамовы па сумесных пакупках павінны быць заключаныя да канца верасня. Прыярытэт маюць заказы ў еўразвязаўскіх кампаніях, або нарвежскіх, якія выпускаюць снарады і ракеты. Перамовы па гэтым пытанні занялі шмат часу з-за Францыі, якая патрабавала, каб кантракты атрымлівалі толькі еўрапейскія кампаніі і тыя, якія выкарыстоўваюць выключна еўрапейскія кампаненты. У выніку былі ўзгодненыя кампрамісныя рашэнні, паводле якіх важная частка вытворчага працэсу павінна адбывацца ў ЕС або Нарвегіі.

Сумесныя пакупкі боепрыпасаў – другі элемент плана ўзбраення Украіны. Першы, узгоднены месяц таму, прадугледжвае кампенсацыю ў памеры аднаго мільярда еўра тым краінам, якія ў тэрміновым парадку перададуць Украіне ракеты са сваіх запасаў. Трэці элемент – гэта стратэгія павелічэння вытворчасці еўрапейскай абароннай прамысловасці, на якую Еўракамісія плануе выдзеліць паўмільярда еўра.

IAR/аз