У гарадской ратушы нямецкага гораду Аахэн Уладзіміру Зяленскаму ўручылі прэстыжную Міжнародную прэмію імя Карла Вялікага.
Уладзімір Зяленскі і ўкраінскі народ сталі лаўрэатамі прэстыжнай прэміі за 2023 год. Аб сваім рашэнні камітэт прэміі аб'явіў 16 снежня 2022 года. У абгрунтаванні рашэння падкрэсліваецца, што «ўкраінскі народ пад кіраўніцтвам прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага абараняе не толькі суверэнітэт сваёй краіны і жыццё яе грамадзян, але і Еўропу, і еўрапейскія каштоўнасці».
На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі, у прыватнасці, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, канцлер Германіі Олаф Шольц, старшыня Еўрапарламенту Раберта Мецола, прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, а таксама леташнія лаўрэаткі: Святлана Ціханоўская, Таццяна Хоміч (сястра Марыі Калеснікавай, ад яе імя) і Вераніка Цапкала.
На цырымоніі прысутнічала мінулагодняя лаўрэатка Святлана Ціханоўская
Прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, звяртаючыся да прысутных, назваў Зяленскага самым паспяховым міжнародным лідарам 21 стагоддзя. Гаворачы аб будучыні адзінай Еўропы, кіраўнік польскага ўраду зазначыў: «Важна, каб мы прадэманстравалі нашу салідарнасць, нягледзячы на нашы адрозненні». Гэта вайна вызначыць, «у якой Еўропе будуць жыць нашыя дзеці», дадаў Маравецкі.
Прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, звяртаючыся да прысутных, назваў Зяленскага самым паспяховым міжнародным лідарам 21 стагоддзя
СМІ заўважылі, што Уладзімір Зяленскі падышоў да Святланы Ціханоўскай і паціснуў ёй руку.
У мінулым годзе Міжнародную прэмію імя Карла Вялікага атрымалі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала.
Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала PAP/EPA/FlashPic / POOL
Рада гэтай прэстыжнай прэміі вырашыла, што жаночае трыа з Беларусі зʼяўляецца «непаўторным прыкладам» барацьбы супраць дыктатуры, неправавой дзяржавы і за еўрапейскія каштоўнасці.
Прэмія імя Карла Вялікага – адна з самых значных еўрапейскіх узнагародаў. Яна існуе з 1950 года і ўручаецца людзям і арганізацыям за вядучую ролю ў абʼяднанні Еўропы.
У 2016 годзе яе атрымаў Папа Рымскі Францішак, у 2018-м – прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, у 2019-м – генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Лаўрэатамі гэтай прэміі зʼяўляюцца таксама кароль Іспаніі Хуан Карлас і экс-канцлер Германіі Ангела Меркель.
вс