Беларуская Служба

Енс Столтэнберг можа застацца на пасадзе кіраўніка НАТА

17.06.2023 11:23
Выглядае на тое, што Віленскі саміт замест таго, каб зацвердзіць новага кіраўніка Альянсу, у чарговы раз падоўжыць тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга.
Генеральны сакратар НАТА Енс СтолтэнбергEPA/OLIVIER MATTHYS Dostawca: PAP/EPA.

Енс Столтэнберг можа застацца на пасадзе генеральнага сакратара NATO даўжэй. Яго тэрмін паўнамоцтваў завяршаецца пры канцы верасня, але ўзніклі праблемы з выбарам пераемніка.

Злучаныя Штаты выступаюць за тое, каб Енс Столтэнберг застаўся на пасадзе генеральнага сакратара. Столтэнберга ўчора некалькі разоў пыталіся, ці дапусціць ён такую ​​магчымасць. «Я не дамагаюся падаўжэння тэрміну, і ён заканчваецца восенню. Я даўно пра гэта кажу», — сказаў нарвежац.

Енс Столтэнберг не дамагаецца, але калі яго папросяць саюзнікі, ён можа пагадзіцца, кажуць у штаб-кватэры Альянса. Тым больш, што краіны-чальцы пакуль не дамовіліся аб кандыдатуры пераемніка.

Згадваецца кандыдатура прэм’ер-міністра Даніі, але, паводле амерыканскіх СМІ, Польшча і краіны Балтыі, якія хочуць кагосьці з усходняга флангу, на гэта не пагаджаюцца.

Краіны поўдня таксама неахвотна глядзяць на наступнага кіраўніка NATO з поўначы. Брытанскі міністр абароны хутчэй не пройдзе, бо Вялікабрытанія не ўваходзіць у ЕС, а НАТА ўзмацняе супрацоўніцтва з Супольнасцю.

Згадваецца таксама кандыдатура прэм'ер-міністра Эстоніі, але пакуль падтрымка не дастаткова моцная, каб Альянс мог рыхтавацца да змены чалавека на чале арганізацыі.

ПР/юл