Беларуская Служба

Кіраўнікі МЗС Польшчы і краін Балтыі: А.Лукашэнка працягвае палітыку бесчалавечных рэпрэсій

09.08.2023 13:03
«Беларусь стала сапраўднай крыніцай дэстабілізацыі ў цэнтры Еўропы», – адзначаюць яны.
Уладзімір Пуцін і Аляксандр ЛукашэнкаPAP/EPA/MICHAEL KLIMENTYEV / SPUTNIK / KREMLIN POOL

«Цягам апошніх трох гадоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягваў палітыку бесчалавечных рэпрэсій, якія пастаянна ўзмацняюцца», – пішуць у сумеснай заяве міністры замежных спраў Польшчы і краін Балтыі.

Заява выдадзена ў трэцюю гадавіну фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Кіраўнікі МЗС Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі нагадваюць, што Аляксандр Лукашэнка, абвясціўшы сябе пераможцам фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, растаптаў дэмакратычныя памкненні і правы беларускага народа.

«Незаконны захоп улады незаконным рэжымам прывёў да масавых унутраных рэпрэсій, саўдзелу ў ваенных злачынствах і злачынствах агрэсіі, рэзкага паслаблення суверэнітэту Беларусі і дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне», – гаворыцца ў заяве.

Гэтая фальсіфікацыя выбараў выклікала беспрэцэдэнтную хвалю мірных пратэстаў беларусаў, якія ў адказ падвяргаліся жорсткаму пераследу, шантажу і зняволенню.

Міністры таксама нагадваюць, што з лютага мінулага года рэжым у Мінску з'яўляецца «саўдзельнікам несправакаванай і неабгрунтаванай агрэсіі Расіі супраць Украіны і наўпрост яе падтрымлівае», дазваляючы Крамлю, у тым ліку, выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю.

«Мы зноў заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных і да спынення рэпрэсій і саўдзелу ў агрэсіі Расіі супраць Украіны», – гаворыцца ў заяве.

Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў таксама падкрэсліваюць, што Аляксандр Лукашэнка працягвае арганізоўваць мерапрыемствы, якія садзейнічаюць незаконнаму перасячэнню межаў Еўрасаюза грамадзянамі трэціх краін.

«Беларусь стала сапраўднай крыніцай дэстабілізацыі ў цэнтры Еўропы», – адзначаюць яны.

Міністры таксама запэўніваюць, што Польшча і краіны Балтыі працягваюць падтрымліваць беларускі народ у яго імкненні да дэмакратычных пераўтварэнняў і застаюцца вернымі гістарычнаму дэвізу «За нашу і вашу свабоду».

яс