Народны сход Балгарыі пераадолеў накладзенае раней прэзідэнтам краіны Румэнам Радзевым вета на пастаўкі Украіне зброі і ваеннай тэхнікі, у тым ліку 100 БТР, піша выданне Sofia Globe. За пераадоленне вета, як удакладніла балгарскае агенцтва БТА, прагаласавалі 145 парламентарыяў, супраць – 55.
«Гэта ў інтарэсах Балгарыі і ўсяго свету. Мінабароны падтрымлівае пастанову аб аказанні дадатковай ваеннай дапамогі», – заявіў кіраўнік Мінабароны Балгарыі Тодар Тагараў.
У адпаведнасці з раней прынятай балгарскім парламентам пастановай Кіеву перададуць бронетранспарцёры, пераносныя зенітна-ракетныя комплексы і боепрыпасы да іх, а таксама іншае ўзбраенне, тэрмін захоўвання якога ўжо скончыўся.
Чацвёртага снежня прэзідэнт Балгарыі Румэн Радзеў наклаў вета на ўхваленую парламентам краіны пастаўку Украіне названых тыпаў зброі і тэхнікі. Падставай для ветавання, паводле слоў Радзева, стала тое, што бронетэхніка магла б знайсці выкарыстанне ў Балгарыі, напрыклад, пры ахове мяжы або ў барацьбе са стыхійнымі бедствамі.
Раней нямецкае выданне Welt пісала, што Балгарыя ў першыя месяцы поўнамаштабнай расейскай агрэсіі таемна пастаўляла Украіне боепрыпасы і паліва.
pap/эж