Украіна можа быць вымушаная адтэрмінаваць выплату пенсіі і заробкаў бюджэтнікам, калі ў пачатку года не атрымае анансавай фінансавай дапамогі ад Еўрасаюза і ЗША. Пра гэта паведаміла намеснік прэм'ер-міністра Украіны, міністр эканомікі Юлія Свірыдзенка.
Як чытаем на сайце «Громадского радио», пакуль, абяцаныя сродкі ад саюзнікаў не паступілі. У наступным годзе ўладам Кіева патрэбна 37 мільярдаў долараў замежнай падтрымкі.
Юлія Свірыдзенка заявіла, што цяпер прыярытэтам для ўрада Украіны зʼяўляюцца выдаткі на абарону і абслугоўванне знешняга доўгу, што прадугледжвае «высокую рызыку недафінансавання некаторых сацыяльных галін».
Калі замежная дапамога не паступіць, Кіеву давядзецца затрымаць выплату заробкаў 500 тысячам чыноўнікаў, паўтара мільёна настаўнікаў і 10 мільёнам пенсіянераў.
Юлія Свірыдзенка дадала, што спадзяецца, што Еўрасаюз ухваліць фінансавую дапамогу ў лютым і выдзеліць Украіне сродкі да канца сакавіка.
яс