Беларуская Служба

Ад выбухаў пэйджараў у Ліване загінула 37 чалавек

19.09.2024 16:02
У аўторак і сераду ў розных раёнах краіны адбылася серыя выбухаў прыстасаванняў, якія выкарыстоўвалі члены «Хезбалы».
Ілюстрацыйны здымакEPA/FRANCK ROBICHON Dostawca: PAP/EPA.

Колькасць загінулых у выніку выбухаў, якія прагрымелі ў Ліване, складае 37 чалавек, больш за 2930 атрымалі раненні, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Лівана.

У аўторак і сераду ў розных раёнах краіны адбылася серыя выбухаў прыстасаванняў, якія выкарыстоўвалі члены «Хезбалы».

Як паведаміў міністр аховы здароўя Лівана Фарыс Абіяд, стан амаль 290 пацярпелых крытычны. Ізраіль абвінавачваюць у скаардынаваных нападах. Тэль-Авіў афіцыйна не пацвердзіў сваю датычнасць да нападаў, аднак ізраільскае камандаванне заявіла, што ўсё яшчэ мае значныя рэсурсы, якія можа выкарыстаць супраць «Хезбалы».

Два дні таму ў Ліване выбухнулі тысячы пэйджараў, якія выкарыстоўвалі члены тэрарыстычнай групоўкі. Учора пачалі выбухаць рацыі Icom F82, у тым ліку ў аўтамабілях, якімі карыстаецца «Хезбала».

Выбухі грымелі ў прыгарадзе Бейрута, а таксама на ўсходзе і поўдні Лівана. Прылады таксама выбухнулі побач з месцамі, дзе праходзілі пахаванні людзей, якія загінулі ў выніку тэрактаў у аўторак. У некалькіх месцах выбухнулі сонечныя панэлі, устаноўленыя на дамах.

Паводле дадзеных крыніц Reuters, рацыі і пэйджары былі набытыя «Хезбалой» у адзін час, 5 месяцаў таму.

У сувязі з нападамі Галоўнае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі Лівана выдала дырэктыву, якая забараняе пасажырам праносіць пэйджары і рацыі на борт самалётаў.

ПР/юл