Беларуская Служба

Лідары краін G20 заклікалі да справядлівага міру ва Украіне

19.11.2024 15:20
У сумеснай дэкларацыі, апублікаванай пасля першага дня саміту G20 у Рыа-дэ-Жанэйра, гаворыцца яшчэ пра пашырэнне гуманітарнай дапамогі ў Сектары Газа і супрацоўніцтва ў пытаннях клімату, беднасці і падаткаў.
Ілюстрацыйны здымакEPA/YONHAP / POOL SOUTH KOREA OUT Dostawca: PAP/EPA.

Гаспадар саміту, прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва, здолеў ахапіць большасць тэм, якія былі для яго прыярытэтнымі ў выніковым дакуменце, у тым ліку вайну ва Украіне і на Блізкім Усходзе, глабальны пакт па барацьбе з голадам, падаткаабкладанне найбагацейшых людзей свету і змены ў глабальным кіраванні, пракаментавала агенцтва AP.

Што тычыцца вайны ва Украіне, лідары ​​падкрэслілі «чалавечыя пакуты і дадатковы негатыўны ўплыў гэтай вайны на глабальную харчовую і энергетычную бяспеку, ланцужкі паставак, макрафінансавую стабільнасць ды рост інфляцыі».

У гэтым кантэксце яны выказалі адабрэнне для «ўсіх істотных і канструктыўных ініцыятыў, якія падтрымліваюць справядлівы і трывалы мір, з павагай да мэт і прынцыпаў Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, пры спрыянні мірным, дружалюбным і добрасуседскім адносінам паміж народамі».

Як і пасля папярэдняга саміту ў Дэлі ў 2023 годзе, у дакуменце няма прамога асуджэння Расіі, якая з'яўляецца членам G20.
У панядзелак у Рыа пачаўся саміт G20, які працягнецца да аўторка. У ім бяруць удзел, між іншым: лідар ЗША Джо Байдэн, Кітая - Сі Цзіньпін, Вялікабрытаніі - Кейр Стармер, Францыі - Эмануэль Макрон, Германіі - Олаф Шольц, Японіі - Сігеру Ішыба. Расію прадстаўляе кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў.

РАР/юл