The Walt Disney Company пакараная за зніжэнне заробкаў жанчын. У рамках судовага пагаднення кампанія, на якую іск падалі супрацоўніцы, выплаціць больш за 43 мільёны долараў кампенсацыі і працаўладкуе эксперта з мэтай ажыццяўлення зменаў па прадухіленні дыскрымінацыі, паведамляе Reuters.
Пазоў, пададзены ў Каліфорніі ў ліпені мінулага года, меў характар калектыўнага іску каля 9 тысяч цяперашніх і былых штатных супрацоўніцаў кампаніі Disney. Яны даказвалі, што за апошнія восем гадоў зарабілі агулам на 150 мільёнаў долараў менш, чым іх калегі-мужчыны.
Першай іск у суд падала ЛаРонда Расмусэн, якая ў 2019 годзе даведалася, што яе калегі, занятыя на падобных пасадах, зарабляюць значна больш, чым яна. Сярод іх быў чалавек са значна меншым вопытам, які зарабляў на 20 000 долараў у год больш, чым Расмусэн.
Пры разглядзе пазову суд выкарыстаў аналіз дадзеных аб зарплатах, выплачаных кампаніяй з красавіка 2015 года па снежань 2022 года. Вынікі паказалі, што ў гэты перыяд супрацоўніцы кампаніі Disney зараблялі ў сярэднім на 2 працэнты менш, чым іх калегі-мужчыны на эквівалентных пасадах.
IAR/аз