Прэзідэнтка Грузіі заклікала еўрадэпутатаў да далейшай падтрымкі пратэстаў у яе краіне. У Еўрапарламенце ў Страсбургу Саламэ Зурабішвілі адзначыла шматлікія, на яе думку, выпадкі фальсіфікацый на нядаўніх парламенцкіх выбарах.
Грузінская лідарка заявіла, што сітуацыя ў Грузіі таксама ўплывае на стратэгічныя інтарэсы Еўропы.
- Грузія ёсць, была і, я ўпэўненая, застанецца апорным пунктам Захаду і Еўропы ў рэгіёне. Апорным пунктам, які Расія спрабуе перахапіць, бо памятае свае імперскія часы і генералаў, якія казалі, што хто кантралюе Тбілісі, той кантралюе Каўказ. Для Расіі тут нічога не змянілася.
Тэрмін паўнамоцтваў Саламэ Зурабішвілі набліжаецца да завяршэння, і парламент у Тбілісі абраў новага прэзідэнта – Міхеіла Кавелашвілі. Аднак прэзідэнтка Зурабішвілі заяўляе, што не складзе паўнамоцтваў, пакуль яе пераемнік не будзе адобраны "легітымным парламентам".
На дзень інаўгурацыі новага кіраўніка дзяржавы, які прызначаны на 29 снежня, таксама прыпадае кульмінацыя пратэстаў, што цягнуцца ўжо некалькі тыдняў на вуліцах Тбілісі і іншых гарадоў краіны.
IAR/нг