Беларуская Служба

У Італіі ўлады забаранілі выкарыстанне англіцызмаў у афіцыйных дакументах

01.02.2025 12:28
Улады горада Кастыльён Фіярэнціна (Castiglion Fiorentino) у Таскане забаранілі выкарыстанне англійскіх слоў у афіцыйных дакументах і інфармацыі для жыхароў.
Castiglion Fiorentino.
Castiglion Fiorentino.Wikipedia

«Абарона мовы — гэта абарона культуры, гісторыі і самабытнасці краіны», — заявіла гарадская рада на чале з мэрам Марыё Аньелі.

Падкрэсліваецца, што «англійскія словы ўвайшлі ў штодзённую мову, але празмернае ўжыванне робіць іх цяжкімі для правільнага разумення, асабліва маладымі людзьмі, якія яшчэ не вывучылі іх, і старэйшымі людзьмі, якія, напэўна, ніколі іх не засвояць».

Прыводзяцца найбольш часта ўжывальныя запазычанні з англійскай мовы: fake (падробка, ілжывасць), feedback (зваротная сувязь), full-time (поўны працоўны дзень), welfare (дабрабыт), helpdesk (падтрымка, звычайна тэхнічная), meeting (сустрэча).

Рашэнне забараніць англіцызмы ў афіцыйных дакументах і перапісцы было прынятае дзеля таго, каб «падкрэсліць каштоўнасць італьянскай мовы — самабытнай спадчыны нацыі», гаворыцца ў дакуменце.

Улады таксама звярнулі ўвагу, што «італьянская мова з'яўляецца афіцыйнай мовай (нашай) Рэспублікі і складае ідэнтычнасць нацыі, гэта аб'ядноўваючы элемент —  старажытная нематэрыяльная спадчына, якую неабходна належным чынам абараняць у штодзённым выкарыстанні».

Мясцовыя ўлады Тасканы адзначылі, што такім чынам яны будуць клапаціцца пра «інтарэсы грамадства» і гарантаваць, што кожны грамадзянін Кастыльён Фіярэнціна атрымлівае ўсе паведамленні і інфармацыю ад дзяржаўнай адміністрацыі толькі на італьянскай мове.

У пастанове таксама адзначалася, што распаўсюджванне слоў, узятых з англійскай мовы, прывяло да збяднення італьянскай мовы.

Мясцовыя ўлады таксама ўзялі на сябе абавязацельства заахвочваць усе мясцовыя арганізацыі і офісы выкарыстоўваць італьянскія фармулёўкі, каб інфармацыя, якая прадстаўляецца грамадзянам, была яснай і зразумелай.

PAP/вх