«Што тычыцца міграцыйнай палітыкі, то ў першы дзень знаходжання на пасадзе я загадаю разварочваць на межах», — абвясціў ён.
У сераду Бундэстаг па ініцыятыве Мерца прыняў пастанову аб увядзенні пастаяннага кантролю на нямецкіх межах і аб недапушчэнні людзей без дакументаў на ўезд у Германію, нават калі яны просяць прытулку.
Ініцыятыва ХДС/ХСС набрала большасць дзякуючы галасам раней ізаляванай правапапулісцкай «Альтэрнатывы для Германіі» (AfD). Аднак у пятніцу Бундэстаг адхіліў прапанаваны Мерцам законапраект аб абмежаванні іміграцыі. На пытанне, ці балюча яму паражэнне, лідар ХДС адказаў, што «гэта быў важны момант для дэмакратыі».
Цяпер пазіцыі сталі зразумелыя ўсім, сказаў Мерц у апублікаваным у суботу інтэрв'ю Redaktionsnetzwerk Deutschland (RND). «Зялёныя і сацыял-дэмакратычная СДПГ не гатовыя ісці тым шляхам, які хочуць людзі ў дачыненні да міграцыйнай палітыкі. Той, хто хоча змены палітыкі ў краіне, павінен галасаваць за ХДС і ХСС», — сказаў Мерц RND.
У кантэксце галасавання ў Бундэстагу, якое выклікала бурныя спрэчкі ў Германіі, палітык падкрэсліў, што «гэта, безумоўна, таго вартае», «гэта былі вельмі інтэнсіўныя дэбаты». А тое, што была бурная дыскусія, па словах Мерца, «гэта частка працэсу фарміравання меркавання ў парламенце. Выбаршчыкі цяпер маюць дакладную карціну сітуацыі».
Мерц у інтэрв'ю RND, адказваючы на пытанне аб тым, ці застаецца ў сіле рашэнне аб тым, што ХДС/ХСС не будзе ўступаць у кааліцыю з AfD, падкрэсліў, што «супрацоўніцтва з AfD не будзе». Той, хто сумняваецца ў гэтым, «не слухаў, што я кажу апошнія гады». Выбары ў Бундэстаг пройдуць 23 лютага.
PAP/вх