Роўна тры месяцы таму адбылася аварыя, якая выклікала хвалю масавых пратэстаў па ўсёй краіне. Вуліцы Нові Сада былі запоўненыя жыхарамі горада і людзьмі, якія прыбылі з іншых куткоў краіны. Натоўпы віталі апладысментамі калоны аўтамабіляў, матацыклаў і людзей, якія прыбывалі цягнікамі і аўтобусамі.
Паводле задумы арганізатараў, а 15-й гадзіне ў суботу пачалася трохгадзінная блакада ўсіх трох мастоў у Нові Садзе, адзін з якіх – Мост Свабоды – будзе перакрыты на 24 гадзіны.
«Адстаўка прэм'ер-міністра нічога не мяняе. Мы хочам змяніць сістэму, а не толькі яе твар», — патлумачыў студэнт, які ўдзельнічае ў пратэстах. З тысячы транспарантаў многія скіраваныя непасрэдна супраць прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча і іншых прадстаўнікоў вышэйшай улады. У некалькіх раёнах горада створаны пункты раздачы ежы і вады. Каля моста Свабоды разбілі «намётавы гарадок» для людзей, якія будуць начаваць на блакадзе. Яго ўдзельнікі ладзяць невялікія канцэрты, гуляюць у карты, грэюцца ля вогнішчаў.
Хваля пратэстаў у Сербіі ўспыхнула пасля катастрофы на будаўніцтве чыгуначнай станцыі ў Нові Садзе 1 лістапада мінулага года. У выніку абвальвання часткі даху будынка загінулі 15 чалавек. Дэманстранты абвінавачваюць улады ў карупцыі і халатнасці, якія прывялі да трагедыі.
У аўторак прэм'ер-міністр Мілаш Вучэвіч і мэр Нові Сада Мілан Джурыч падалі ў адстаўку ў адказ на дэманстрацыі. Студэнты-арганізатары пратэстаў патрабуюць раскрыцця ўсіх дамоваў, звязаных з рэканструкцыяй станцыі, пакарання вінаватых у нападзе на дэманстрантаў, зняцця абвінавачанняў з удзельнікаў пратэстаў і павышэння выдаткаў на вышэйшую адукацыю на 20 працэнтаў.
Урад і прэзідэнт Сербіі запэўнілі, што ўсе патрабаванні выкананы або будуць выкананы ў бліжэйшы час. Студэнты адказалі, што на сённяшні дзень ніводнае з іх не была цалкам выканана.
PAP/вх