Беларуская Служба

Трамп: Зяленскі хоча прыехаць у пятніцу. ЗША і Украіна дамовіліся аб мінеральных рэсурсах

26.02.2025 09:37
Украіна ўзгадніла ўмовы буйной здзелкі па мінеральных рэсурсах са Злучанымі Штатамі Амерыкі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп EPA/YURI GRIPAS / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Аднак прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не пацвердзіў, што амерыканскі бок пагадзіўся на ўмовы, заявіў, што ідуць перамовы ў справе пагаднення. Трамп сказаў, што ён чуў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведае Вашынгтон у пятніцу і хоча падпісаць пагадненне.

«Я не супраць, калі ён вырашыць падпісаць са мной гэтую дамову. (...) Гэта можа быць здзелка на трыльёны долараў - гаворка ідзе пра рэдказямельныя металы і іншыя рэчы», - дадаў прэзідэнт ЗША.

Агенцтва Reuters са спасылкай на сваю крыніцу паведамляе, што ў праекце пагаднення не гаворыцца аб гарантыях бяспекі Украіны з боку ЗША і аб працягу паставак зброі. Вашынгтон таксама адклікаў свае першапачатковыя патрабаванні аб праве на 500 мільярдаў долараў патэнцыйных даходаў ад украінскіх прыродных рэсурсаў.

Канчатковая версія пагаднення, датаваная 24 лютага, пра якую піша Financial Times, уключае палажэнне аб стварэнні фонду, у які Украіна будзе ўносіць 50% даходаў ад эксплуатацыі дзяржаўных карысных выкапняў, у тым ліку нафты і газу.

Сабраныя сродкі фонд будзе інвеставаць у праекты ва Украіне. Пагадненне не распаўсюджваецца на цяперашнюю здабычу сыравіны дзяржпрадпрыемствамі «Нафтагаз» і «Укрнафта».

Іншыя ключавыя пытанні, такія як памер долі ЗША ў фондзе і дамовы аб «сумесным уладанні», павінны быць прадметам асобных пагадненняў.

IAR/яс