Беларуская Служба

75 гадоў таму атрады Арміі Краёвай пачалі аперацыю «Вострая Брама» (ФОТА)

12.07.2019 18:24
Палякі планавалі вызваліць Вільню ад гітлераўцаў і сустрэць Чырвоную Армію ў якасці гаспадароў гораду.
Аўдыё
   .
Барацьба за вызваленне Вільні. Патруль жаўнераў Арміі Краёвай і савецкіх салдат на вуліцы Вялікайhttps://pl.wikipedia.org/wiki/Operacja_%E2%80%9EOstra_Brama%E2%80%9D#/media/Plik:19440712_soviet_and_ak_soldiers_vilnius.jpg

7 ліпеня 1944 года атрады Арміі Краёвай пад камандаваннем палкоўніка Аляксандра Кжыжаноўскага пачалі аперацыю «Вострая Брама». Палкоўнік Кжыжаноўскі быў камандуючым акругай «Вільня» Арміі Краёвай. Акцыя «Вострая Брама» праходзіла ў рамках шырокамаштабнай аперацыі «Бура». Яна была арганізаваная падраздзяленнямі Арміі Краёвай супраць немцаў на тэрыторыі ў межах даваеннай Польшчы, у канцы гітлераўскай акупацыі і непасрэдна перад набліжэннем Чырвонай Арміі.

Рашэнне аб правядзенні акцыі «Вострая Брама» было прынятае ў канцы чэрвеня 1944 года. Згодна плану, салдаты Арміі Краёвай мелі вызваліць Вільню да прыходу саветаў. Аднак па асабістаму загаду Гітлера немцы пераўтварылі горад амаль у крэпасць, павялічыўшы колькасць гарнізону да 17 тыс. салдат і афіцэраў.

Аперацыя «Вострая Брама» працягвалася з 7 да 13 ліпеня. Палякі планавалі сустрэць Чырвоную Армію ў якасці гаспадароў гораду. З боку Арміі Краёвай у аперацыю было заангажавана больш за 12,5 тыс. чалавек.

7 ліпеня пачаўся савецкі штурм Вільні. Чырвоная Армія кінула на вызваленне гораду каля 100 тыс. салдат і афіцэраў пры падтрымцы цяжкай артылерыі і авіяцыі. Палякі ж пачалі змаганне ў самім горадзе, самастойна вызваліўшы частку Вільні па праваму беразе Віліі, а пазней супольна з чырвонаармейцамі пачалі вызваленне левабярэжных раёнаў. 13 ліпеня Вільня была вызваленая, а на Замкавай гары залунаў польскі бела-чырвоны сцяг. Правісеў ён усяго толькі некалькі гадзін, бо хутка саветы замянілі палотнішча на чырвонае.


Камандуючы акругай «Вільня» Арміі Краёвай палкоўнік Аляксандр Кжыжаноўскі (даваенны здымак, афіцэр у мундзіры маёра) Камандуючы акругай «Вільня» Арміі Краёвай палкоўнік Аляксандр Кжыжаноўскі (даваенны здымак, афіцэр у мундзіры маёра)

Савецкае камандаванне запрапанавала палкоўніку Аляксандру Кжыжаноўскаму з падпарадкаваных яму падраздзяленняў стварыць самастойную частку ў складзе Трэцяга беларускага фронту. 17 ліпеня Кжыжаноўскага запрасілі на перамовы з генералам Іванам Чарняхоўскім. Палкоўніка арыштавалі, а атрады Арміі Краёвай, раскватараваныя вакол Рудніцкай пушчы, былі акружаныя й раззброеныя. Агулам саветы інтэрнавалі каля 6 тыс. чалавек. Салдат, якія адмовіліся ўступаць у Першую армію Войска Польскага пад камандаваннем генерала Зыгмунта Берлінга, створаную ў Савецкім Саюзе, вывезлі ўглыб Расеі, дзе яны цягам некалькіх гадоў служылі ў дапаможных атрадах Чырвонай Арміі на лесапавалах. Афіцэраў жа аддалі пад суд і вывезлі ў Разань.

Палкоўнік Аляксандр Кжыжаноўскі спачатку сядзеў у савецкіх турмах у Вільні і Маскве. 11 жніўня яму ўдалося ўцячы. Ён прыехаў у Вільню, але неўзабаве быў зноў арыштаваны.

У кастрычніку 1947 года савецкія ўлады згадзіліся на яго выезд у Польшчу. На радзіме ён аднак свабодай карыстаўся нядоўга, бо ў ліпені 1948 года яго арыштавала Служба бяспекі камуністычнай Польшчы. Памёр палкоўнік Кжыжаноўскі ад туберкулёзу ў варшаўскай турме ў 1951 годзе.

Валеры Саўко

Больш на гэтую тэму: Машына часу