Беларуская Служба

Каталіцкі публіцыст: акцыя ў Беластоку не мела нічога супольнага з Евангеллем

03.08.2019 14:53
"Нельга забываць, што Ісус прыйшоў таксама да гомасексуалаў, транссексуалаў, дзеячаў асяроддзя геяў – дзеля таго, каб выратаваць іх душы, а не каб іх асудзіць".
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne Shutterstock.com /Elena Elisseeva

У часопісе «Wprost», які лічыцца даволі ліберальным выданнем, інтэрв'ю з радыкальным каталіцкім публіцыстам Томашам Тэрлікоўскім. У размове вяртанне да тэматыкі апошніх падзей у Беластоку, дзе хуліганы напалі на мірны марш роўнасці, кідалі ў дэманстрантаў каменнем ды іншымі рэчамі. Тэрлікоўскі кажа, што ён не згодны, каб называць хуліганаў «абаронцамі хрысціянскай цывілізацыі». Евангелле нельга распаўсюджваць такім чынам. Тады хрысціянства перастае быць добрай навіной, пачынае апраўдваць гвалт.

Нельга забываць, што Ісус прыйшоў таксама да гомасексуалаў, транссексуалаў, дзеячаў асяроддзя геяў – дзеля таго, каб выратаваць іх душы, а не дзеля таго, каб іх асудзіць. Але, з іншага боку, няпраўда, што супрацьлеглы бок прадстаўляе выключна мірныя памкненні. На Захадзе актывісты асяроддзя геяў не даюць іншым права думаць па-хрысціянску, выкідваюць з працы, ВНУ, школаў тых, хто асмельваецца думаць інакш.

Ці сапраўды праблема заключаецца ў пераследзе католікаў геямі? Яшчэ перад акцыяй у Беластоку, калегі з выданняў правай арыентацыі надрукавалі наклейкі «Зона, свабодная ад ЛГБТ» – нагадвае журналіст выдання. Тэрлікоўскі адказвае, што ён ніколі не падтрымліваў дадзенай кампаніі. Зноў жа, трэба падумаць, як бы сябе павёў Ісус у такой сітуацыі. Ён сустракаўся з ізгоямі, хаця прыстойным габрэям не падабаліся яго паводзіны. Калі Ісус кагосьці і асуджаў, то толькі тых, хто быў у захапленні ад уласнай асобы.

У гутарцы суразмоўцы абмяркоўваюць таксама нашумеўшы фільм братоў Сэкельскіх «Толькі не кажы нікому» пра педафілію ў каталіцкім касцёле Польшчы. З аднаго боку арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі публічна падзякаваў аўтарам за фільм, а з іншага боку ён жа адмовіў пракуратуры ў выдачы дакументаў па справе ксяндза-педафіла.

Па словах Тэрлікоўскага, польскія біскупы, відаць, нічому не навучыліся пасля педафільскіх скандалаў, якія пракаціліся па ЗША. Там таксама іерархі не хацелі супрацоўнічаць з органамі правасуддзя. У выніку і так узнікалі чарговыя скандалы, дзяржава асуджала вінаватых, а аўтарытэт касцёла рассыпаўся як картачны домік. У Польшчы сітуацыя можа быць падобнай. Можа, польскія біскупы разлічваюць на тое, што ў Польшчы пазіцыя каталіцкага касцёла на столькі магутная, што дзяржава не будзе націскаць, і справа ўціхне. “Я з такім стаўленнем не згаджаюся”, – адзначае Тэрлікоўскі. І дадае, што пракурор павінен сілаю правесці вобыск у познанскай курыі.

нг