Гэтая дата натхніла мноства людзей ды арганізацыяў выступіць з рознымі грамадскімі ініцыятывамі, якія маюць на мэце наблізіць цяперашнім палякаў падзеі жніўня 1944-га года.
1 жніўня 1944 года камандаванне Арміі Краёвай абвясціла пра пачатак акцыі «Бура». Гэта была аперацыя па вызваленню польскай сталіцы ад гітлераўскіх акупантаў. Варшаўская паўстанне стала найбольш маштабным вызваленчым збройным чынам у акупаванай нацыстамі Еўропе. Для сённяшняга польскага грамадства – гэтая гістарычная падзея стала вельмі важнай. Між іншым так сталася дзякуючы розным грамадскім кампаніям. Адна з іх – «BohaterON – уключы гісторыю».
Гэта агульнапольская інфармацыйная акцыя, мэта якой ушанаваць памяць і адзначыць герояў Варшаўскага паўстання ды гісторыі Польшчы XX-га стагоддзя. Адным з дзеянняў акцыі было пісанне лістоў і паштовак з падзякай да ацалелых удзельнікаў Варшаўскага паўстання. Гэта быў адзін з найбольш кранальных ды паспяховых элементаў акцыі.
Распавядае арганізатарка кампаніі Агнешка Лэсюк-Краеўска.
- Мы актыўна працуем ужо 5 гадоў. Акцыя пачыналася зусім не маштабна з нагоды 70 гадавіны Варшаўскага паўстання. Мелася быць аднаразовай. Тады дзеці ў шпіталях самі рабілі паштоўкі для паўстанцаў. Аднак вельмі хутка высветлілася, што гэтага замала, бо ўсё хацелі пісаць лісты да паўстанцаў. Так з'явілася ідэя агульнапольскай акцыі «BohaterON» па ўшанаванні памяці герояў Варшаўскага паўстання праз пісанне да іх лістоў ці паштовак. Такім чынам мы ажыўляем гісторыю. Сёння акцыя стала маштабным мерапрыемствам, якое складаецца з трох галоўных элементаў: памяць, адукацыя і непасрэдная дапамога.
Наколькі вялікая гэтая акцыя? Колькі людзей трэба, каб яе праводзіць?
- Калі казаць пра каманду, якая цяпер працуе пры «BohaterON», дык на поўную стаўку працуюць дзесяць чалавек, а да гэтага шмат валанцёраў, якія дапамагаюць нам ажыццяўляць дзеянні ў Варшаве. Справа ў тым, што наша аперацыйная група працуе ва Вроцлаве. Памер працы такі, што ўжо цяпер мы пачалі планаваць дзеянні на 2020-ы год. Сама кампанія доўжыцца з 1-га жніўня па 2 кастрычніка. У гэты час мы заахвочваем далучыцца да нас. Насамрэч наша кампанія мае іншае вымярэнне. Для нас працаўнікоў яна не канчаецца, увесь час доўжыцца.
Гэтая кампанія стала натхненнем для іншых адукатараў, аніматараў гісторыі, асабліва тых, хто працуе ў школах, кажа школьная адукатарка Катажына Казімерчак.
- Такую працу цяпер вядуць ня толькі школы, але і дзіцячыя садкі, розныя арганізацыі, дамы культуры. Якія працуюць з дзецьмі ды моладдзю. Напрыклад, дзякуючы акцыі яны атрымліваюць цікавыя адукацыйныя матэрыялы. На іх аснове рыхтуюць і праводзяць урокі з дзецьмі. Кожны ўрок завяршаецца напісаннем пажаданняў для ветэранаў. Сёлета ў звязку з 75 гадавінай школы самі заахвочваюць дзяцей зрабіць уласныя паштоўкі з зычэннямі са сваіх гарадоў. Гэта робіцца для таго, каб ветэраны не атрымоўвалі аднолькавых паштовак.
У выніку пазней школы ладзяць сустрэчы з ветэранамі, паездкі на месцы гістарычных падзей. Дзеці з нашмат большым інтарэсам падыходзяць да вывучэння гісторыі ўласнага краю.
Юры Ліхтаровіч