Сёння я запрашаю пазнаёміцца з падземным турыстычным маршрутам імя Тысячагоддзя польскай дзяржавы ў горадзе Клодзка (Kłodzko) на паўднёвым захадзе Польшчы. Гэта адкрытая для наведвальнікаў частка падземных калідораў, размешчаных пад найстарэйшай часткай горада. Паводле экспертаў і турыстаў, клодзкая падземная траса з’яўляецца адным з цікавейшых такога роду маршрутаў у Польшчы.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Стварэнне падземных калідораў і тунэляў пад вуліцамі Клодзка – гэта вынік актыўнасці жыхароў, якія з XIII па XVII стагоддзі будавалі глыбокія, часта шматпавярховыя падвалы пад будынкамі Старога горада. У першую чаргу гэта адбывалася ў гаспадарчых мэтах: для захоўвання тавараў.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Размяшчэнне Клодзка на скрыжаванні важных гандлёвых шляхоў стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця гандлю. Глыбіня падвалаў складала нават 30 метраў, а нізкая тэмпература дазваляла харчовым прадуктам доўга захоўваць свежасць.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Дзякуючы гэтаму клодзкія тавары сталі вядомымі не толькі ў бліжэйшай ваколіцы, але таксама ўздоўж Бурштынавага шляху. Адным з такіх тавараў было клодзкае піва, на выдатную якасць якога ўплываў менавіта доўгі перыяд захоўвання ў адносна нізкай тэмпературы.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Варта нагадаць, што цягам многіх стагоддзяў Клодзка акружалі муры мясцовай крэпасці, таму і горад не меў магчымасці пашырацца. Гараджане знайшлі выхад з такой сітуацыі і пачалі «пашыраць» свае дамы ўглыб.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Гэтыя падземныя памяшканні служылі былым жыхарам горада ня толькі як харчовыя склады, але таксама як сховішча ў выпадку ўварвання варожых войскаў. Складаны лабірынт калідораў быў бяспечным прытулкам падчас аблогаў і пажараў. Падчас войнаў падвалы служылі таксама як склады зброі.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Да вайны мясцовыя жыхары паслядоўна рамантавалі і ўзмацнялі створаныя ў мяккім лёсавым грунце калідоры. Аднак падчас вайны і пасля яе заканчэння гэтыя працы ўжо не адбываліся. Занядбанні прычыніліся да таго, што ў 1950-1960 гадах на тэрыторыі старога гораду здарылася серыя катастрофаў. Вада знішчыла занядбаныя падвалы, з затым і падмуркі дамоў. У выніку было разбурана каля 200 будынкаў.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У 1962—1976 гадах у падвалах прайшлі рамонтныя працы. Іх праводзіла група спецыялістаў з Кракаўскага горна-металургічнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам прафесара Збігнева Стшалецкага (Zbigniew Strzelecki). Падземныя калідоры Клодзка былі ўзмоцненыя і часткова адкрытая для наведвальнікаў.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У 1977 годзе клодзкія падзямеллі былі ўнесеныя ў рэестр помнікаў.
Працягласць падземнага турыстычнага маршруту ў Клодзку складае каля 700 метраў. Ён быў адкрыты ў 1976 годзе. Уваход знаходзіцца паблізу мясцовай крэпасці, а выхад – на вуліцы Завішы Чорнага (Zawisza Czarny). Маршрут вядзе пад найстарэйшай часткай горада.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У адноўленых падвальных памяшканнях размяшчаюцца выставы з экспанатамі. Яны расказваюць пра гісторыю горада і штодзённае жыццё яго жыхароў, апавядаюць пра выкарыстанне падземных памяшканняў, у якіх у мінулым былі не толькі склады вядомага клодзкага піва, збожжа, але таксама карчмы, крамы, пральні й турмы.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У калідорах падземнага турыстычнага маршруту ўсталяваная інтэрактыўная гукавая сістэма. Дзякуючы гэтаму наведвальнікі чуюць гукі старога Клодзка: водгаласы кірмашу, музыку, смех гараджан у карчме і таксама гукі бітвы за горад.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У калідорах можна «сустрэць» пацукоў, створаных шляхам аніцымацыі, якія «ўцякаюць» ад наведвальнікаў. Тут знаходзяцца таксама натуральнага памеру манекены ў эпахальных касцюмах і экспанаты, якія адлюстроўваюць быт жыхароў горада ў мінулым, а таксама стылізаваныя дошкі, якія расказваюць пра розныя формы пакарання ў XVI-XVIII стагоддзях.
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Падземны турыстычны маршрут у Клодзку можна наведваць круглы год з 9:00 па 18.00. Увосені і ўзімку - да 15.00. Поўны білет каштуе 14 злотых, льготны - 10 злотых.
Анна Задрожна