Беларуская Служба

Як чатыры прэм'ер-міністры Польшчы напалі на расійскі паштовы вагон (ФОТА)

27.09.2019 17:16
У выніку ўзброенай акцыі, якой камандаваў Юзэф Пілсудскі, рэвалюцыянерам удалося ўкрасці больш за 200 тыс. царскіх рублёў. 
Аўдыё
  • 111 гадоў таму, 26 верасня 1908 года, каля станцыі Безданы група польскіх рэвалюцыянераў здзейсніла дзёрзкі напад
      ,  1916
Юзэф Пілсудскі ў акопах Першай сусветнай вайны, жнівень 1916 года Narodowe Archiwum Cyfrowe

111 гадоў таму, 26 верасня 1908 года, каля станцыі Безданы група польскіх рэвалюцыянераў здзейсніла дзёрзкі напад на паштовы цягнік. У выніку акцыі ўдалося зрабаваць вялікую суму грошай, якая пайшла на рэвалюцыйную дзейнасць. Камандаваў нападам пазнейшы кіраўнік Польшчы Юзэф Пілсудскі.

Адной з найбольш сур’ёзных праблем Польскай сацыялістычнай партыі (ПСП) быў недахоп фінансавых сродкаў на дзейнасць. Грошы былі патрэбныя для выдавання прэсы, на зброю ды жыццё актывістаў, якія часта былі прымушаныя скрывацца ад царскіх жандараў. ПСП і раней здзяйсняла напады, але сумы зрабаваных грошай былі невялікія: некалькі тысяч, а часам усяго толькі некалькі сот рублёў. Пры гэтым аперацыі былі небяспечныя: у 1906 годзе дзеяч партыі і пазнейшы прэм’ер-міністар Польшчы Валеры Славэк у такой акцыі страціў вока.


Паплечнік Юзэфа Пілсудскага, пазнейшы прэм'ер-міністр Польшчы, палкоўнік Валеры Славэк (на першым плане); на другім плане ў цэнтры Юзэф Пілсудскі, прыкладна 1920 год Паплечнік Юзэфа Пілсудскага, пазнейшы прэм'ер-міністр Польшчы, палкоўнік Валеры Славэк (на першым плане); на другім плане ў цэнтры Юзэф Пілсудскі, прыкладна 1920 год

У 1908 годзе Юзэф Пілсудкі, адзін з кіраўнікоў сацыялістычнай партыі, прыняў рашэнне правесці буйную акцыю. У якасці месца правядзення выбралі станцыю Безданы (сёння Бяздоніс на тэрыторыі Літвы) у Віленскай губерні. Першапачаткова сацыялісты хацелі абрабаваць банк у Кіеве, аднак пазней адмовіліся ад гэтай ідэі і спыніліся на сцэнарыі нападзення на паштовы вагон.

Расказвае гісторык Славамір Копр.

- У 1908 годзе ПСП прыняла рашэнне здабыць сродкі на дзейнасць сваёй баявой арганізацыі. Пілсудкі вырашыў здзейсніць напад на цягнік на станцыі Безданы недалёка ад Вільні. На станцыі спыняўся цягнік, у склад якога раз на тыдзень прычапляўся паштовы вагон. У гэтым вагоне перавозіліся ў Пецярбург грошы, сабраныя з падаткаў на тэрыторыі Польскага Царства. У акцыі ўдзельнічала таксама Аляксандра Шчарбіньска, каханая Пілсудскага, якая пазней стала яго другой жонкай. Арыгінальнасць аперацыі заключаецца ў тым, што ўпершыню ў сусветнай гісторыі ў ёй прынялі ўдзел пазнейшыя прэм’ер-міністры Польшчы: Пілсудскі, Славэк, Прыстар і Арцішэўскі. Менавіта таму гэтую акцыю называюць «рабункам чатырох прэм’ер-міністраў». Нечага такога ў гісторыі ніколі не было!

Аперацыя была праведзеная позна ўвечары, каля 23.00 гадзіны. Удзел у акцыі прыняло 17 чалавек. Частка групы ехала на цягніку, а частка чакала на станцыі. Калі цягнік пачаў тармазіць перад станцыяй, палякі раззброілі частку аховы. У момант прыбыцця склада на станцыю другая група, пасля перастрэлкі з жандарамі, кінула дзве бомбы ў паштовы вагон. Сейфы ж былі ўзарваныя дынамітам. Пасля гэтага рэвалюцыянеры пачалі пакаваць грошы. Паводле крыніц, дзеячам ПСП удалося зрабаваць больш за 200 тыс. рублёў – ну проста вялізная сума як на тыя часы! У выніку акцыі загінула некалькі расіян, некалькі атрымала раненні. З польскага боку ахвяр і пацярпелых не было.


Артыкул і ілюстрацыя пра напад на паштовы вагон на старонках кракаўскай газеты Nowości Ilustrowane Артыкул і ілюстрацыя пра напад на паштовы вагон на старонках кракаўскай газеты Nowości Ilustrowane

Пазней чатыры ўдзельнікі былі затрыманыя царскімі спецслужбамі і прыгавораныя да смяротнага пакарання, якое было замененае на катаржныя працы.

Удзел у акцыі прынялі чатыры дзеячы ПСП, якія ў 1920-30-я гады сталі прэм’ер-міністрамі Польшчы: Юзэф Пілсудскі, Валеры Славэк, Аляксандр Прыстар і Томаш Арцішэўскі.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу